Радаслаў Дабравольскі застаецца бургамістрам гміны Супрасль
Радаслаў Дабравольскі надалей будзе бургамістрам гміны Супрасль на Падляшшы. Не хапіла амаль трохсот галасоў, каб рэферэндум у справе яго датэрміновага адклікання з пасады быў сапраўдным. Паводле бургамістра, жыхары не пайшлі галасаваць, бо не хочуць падзелу гміны:
– Хачу падзякаваць усім тым, хто не ўдзельнічаў у галасаванні. Я прапаную заняцца справамі гміны, бо ў нас шмат працы.
За правядзенне рэферэндума выступалі прыхільнікі ўзнікнення новай гміны Грабаўка – тэрыторыі, якія цяпер належыць да гміны Супрасль. Жыхары Грабаўкі лічаць, што яны даюць значную частку бюджэту, а пры гэтым асноўныя фінансавыя сродкі накіроўваюцца ў іншыя месцы:
– Бургамістр у Супраслі шмат будуе, а пра наш раён не дбае.
– Мне не перашкаджае цяперашні бургамістр і я не маю да яго ніякіх прэтэнзій.
– У наш бюджэт было закладзена 10 млн злотых на інвестыцыі. А зараз нам ізноў выдзеляць нейкія сродкі.
Паводле афіцыйных звестак, сёлета агульны кошт інвестыцый, якія плануецца рэалізаваць на тэрыторыі Грабаўкі і ваколіцаў, складае 9 мільёнаў злотых. Дарэчы, тэрмін знаходжання бургамістра Дабравольскага на пасадзе завяршаецца восенню 2018 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Michał Kość /Reporter