“Мастоўдрэў” на мяжы банкруцтва
Адкрытае акцыянернае таварыства “Мастоўдрэў” знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Доўгі час прадпрыемства атрымлівае пазыкі на выплату заробкаў працоўным, у той час, як яго прадукцыя не карыстаецца попытам. У выніку – прызначэнне знешняга ўпраўляючага, якім стаў Банк развіцця.
На думку старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, фінансавыя праблемы на “Мастоўдрэве” – вынік неэфектыўнага кіравання:
– Не пралічылі рынкаў і сутыкнуліся з праблемамі. Прадпрыемства мае не больш за 50% загрузкі. Адразу ўзніклі пытанні з працоўнымі, з заробкамі, з фінансавым станам. Бізнесам павінен займацца той, хто разбіраецца ў гэтым.
“Мастоўдрэў” з’яўляецца горадаўтвараючым прадпрыемствам, на якім працуе каля двух тысяч чалавек. Некалькі замежных інвестараў не супраць набыць прадпрыемства ва ўласнасць і правесці там належную мадэрнізацыю. Але пры ўмове значнага скарачэння супрацоўнікаў “Мастоўдрэва”. Закрэдытаванасць прадпрыемства вылічваецца сотнямі мільёнаў даляраў – гэтыя пазыкі новы гаспадар атрымае ў спадчыну разам з прадпрыемствам.
Беларускае Радыё Рацыя, Масты
Фота masty.eu