Макей прапануе адраджаць “чарнобыльскія” землі



Намер адраджаць землі, забруджаныя пасля Чарнобыльскай катастрофы, агучыў сёння міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Каментуючы гэтыя словы, Алег Новікаў з Беларускай партыі “Зялёныя” адзначае, што лічыць гэта часткай дзяржаўнай прапаганды. На яго думку, да гэтай праблемы трэба падыходзіць комплексна, на што ў дзяржавы не хапае рэсурсаў:

– Звычайна перад гадавінай Чарнобыля прысутнічае рыторыка – давайце будзем усё гэта адраджаць. Наколькі хапае ў Беларусі рэсурсаў для такіх буйных інвестыцый – гэта пытанне. Што тычыцца эколагаў, то яны да гэтага будуць вельмі асцярожна ставіцца. Безумоўна, трэба адраджаць гэтыя тэрыторыі, але наколькі гэта будзе сапраўды адраджэннем, а не проста выключэннем з рэгістру забруджаных тэрыторый.

Раней улады заяўлялі пра тое, што прыкладна 40 тысяч гектараў земляў, якія не выкарыстоўваюцца пасля аварыі на ЧАЭС, можа быць уведзена ў гаспадарчы абарот. Да такой высновы прыйшлі вучоныя «Інстытута радыялогіі».

Яны правялі інвентарызацыю больш як 240 тысяч гектараў земляў, якія пасля аварыі на ЧАЭС вывелі з сельскагаспадарчага абароту, і не выкарыстоўваюць да гэтага часу.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dompressy.by