Блакада чыгункі ў Воршы – унікальная падзея ў найноўшай гісторыі
Сёння, 26 красавіка, спаўняецца 30 год з трагічнай падзеі – Чарнобыльскай катастрофы. Але варта ўзгадаць яшчэ адну важную гадавіну: 25 гадоў таму былі вялікія грамадскія хваляванні не толькі ў сталіцы Беларусі, але і ў рэгіёнах. І бадай што самым значным цэнтрам гэтых хваляванняў быў чыгуначны горад Ворша, дзе цягам трох дзён блакавалі чыгуначныя рэйкі.
РР: Ці памятае Ворша тыя падзеі?
Паліна Сцепаненка: Гэта былі падзеі, якія захапілі практычна ўвесь горад на 3 дні. У гэты час не хадзіў грамадскі транспарт, амаль кожны трэці браў удзел у гэтых падзеях. Ідзе гаворка ж не толькі пра блакаду чыгункі, але і мітынгі, шэсці. І вельмі цікавая сітуацыя: удзельнікі падзей вельмі добра памятаюць тыя дні. Гэта самая яскравая і надзвычайная падзея ў іх жыцці.
Што тычыцца новых пакаленняў, то яны практычна нічога не ведаюць, што адбылося ў красавіку 1991 года. Пра гэта сведчаць каментары ў інтэрнэце. Ім цяжка ўявіць, што такое магло быць, тым больш у такіх маштабах.
РР: А вось на “Чарнобыльскае шэсце” колькі прыходзіла чалавек? Да тысячы-паўтары? А калі глядзець на здымкі з тых хваляванняў, то пабачым некалькі тысяч людзей: і ў горадзе, і на рэйках, і ля вакзала. У чым быў феномен таго часу і падзеяў?
Паліна Сцепаненка: Сапраўды. Першыя мітынгі там пачаліся з 5 тысяч чалавек. І ў рэшце дайшло да 30 тысяч.
Феномен у тым, што людзі адчулі еднасць, адчулі той момант, калі развальваўся Савецкі Саюз, што яны могуць уплываць на сітуацыю ў краіне. Яны фактычна паўсталі супраць улады камуністаў. Цікава, што за гэтыя тры дні ніхто з уладаў не выйшаў да іх. І ўсе гэтыя тры дні міліцыя была з народам. Пры гэтым міліцыя не была карным інструментам, як цяпер. Яна ахоўвала дэманстрантаў і захоўвала парадак. У найноўшай гісторыі Беларусі нідзе такога не было. І дзякуючы гэтаму пазбеглі крывапраліцця, якое было вельмі магчымым. Бо былі правакацыі з богу гаркама партыі, калі сталі падвозіць таннае віно мітынгоўцам. Гэта было спынена. І больш за ўсё баяліся, што пад цяжарам людзей, якія ўвесь час стаялі там, можа абваліцца мост на чыгуначным вакзале. Міліцыя заклікала сысці адтуль, каб не здарылася бяды. Такім чынам, міліцыя рабіла ўсё дзеля захавання парадку і невыкарыстання сілы.
Яшчэ адна цікавая сітуацыя з міліцыяй. Туды прыбылі курсанты з Магілёўскай школы міліцыі. А многія маладыя людзі з Воршы вучыліся ў гэтай школе. І атрымлівалася, што ў ачапленні стаялі дзеці тых бацькоў, якія выйшлі з пратэстамі. Яны бачылі адзін аднаго. Яны ахоўвалі парадак, не пускалі людзей на рэйкі.
РР: Мне падаецца, што і сёння даводзіцца гаварыць пра такое: калі дзеці глядзяць у вочы бацькам, браты – у вочы сёстрам… І пра чалавечнасць, якую бачым у дзеяннях міліцыі 1991 года, сёння не даводзіцца гаварыць, на жаль. Давайце ўзгадаем той час, вясну 1991 года.
Паліна Сцепаненка: Ворша – гэта чыгуначны вузел саюзнага значэння. Таму падзеі вясны 1991 года мелі шырокі розгалас. Пачалося ўсё з эканамічных патрабаванняў, да якіх пазней далучыліся палітычныя: змена партыйнага кіраўніцтва, перадача маёмасці партыі. Усё гэта было выканана ўжо ў жніўні 1991 года. І зараз у Воршы, у былым гаркаме партыі, знаходзіцца дзіцячая школа мастацтваў. І якраз гэта было адно з патрабаванняў людзей, якія выйшлі ў красавіку 1991-га на плошчу.
РР: А як сёння ўспамінаюць той час самі ўдзельнікі тых падзеяў? З гонарам, расчараваннем, у якім кірунку пайшло развіццё Беларусі, ці проста з настальгіяй?
Паліна Сцепаненка: Я думаю, з гэтымі людзьмі пасля падзеяў шмат працавалі на ўзроўні ментальным, казалі, што яны нічога не дамагліся. Таму першая рэакцыя – дарэмна выходзілі. Але пасля пачынаюць гаварыць пра тое, што фактычна ўсё, што яны прасілі, было выканана. Ім нават у 2 разы падвысілі заробак, яны трапілі ў афіцыйныя прафсаюзы, некаторыя атрымалі там кватэры. І гэта не гаворачы ўжо пра тое, што краіна атрымала суверэнітэт.
Яны з гонарам узгадваюць тыя падзеі.
РР: А як Ворша памятае тыя падзеі? Ці плануецца нейкае ўшанаванне на шырэйшым за кухню ўзроўні?
Паліна Сцепаненка: На кухнях гэта адназначна ўспамінаецца. А сёння яшчэ збяруцца ўдзельнікі блакады на дыскусію. Бо прайшоў час, тых людзей засталося мала, многае трэба асэнсаваць. Таксама будзе фотавыстава паводле падзеяў тых часоў і яе ўдзельнікаў. І будзе паказаны невялікі фільм пра блакаду. І фактычна гэта першы раз, калі ёсць спроба аб’яднаць удзельнікаў тых падзеяў. Якраз гэтым займаецца наш Цэнтр даследаванняў грамадзянскай супольнасці. Многія з іх не бачыліся 25 гадоў. І сёння яны сустрэнуцца.
Гэта першае ўшанаванне памяці, але будзем спадзявацца, што не апошняе.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя