Ці возьме апазіцыя актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах?



«Выбары – гэта пошук работы для тых, хто жадае ціскаць на кнопкі ў парламенце», — кажа старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына упэўнена: для многіх выбары — гэта пошук работы, таму што ўся апазіцыя «кінецца на пошук прафесійна аплачваемай дзейнасці». Пра гэта яна заявіла ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Уладзімір Колас: Сёння выбары – гэта ў першую чаргу пошук работы для тых, хто хоча ціскаць на кнопкі ў парламенце. Гэта для іх добрая магчымасць палепшыць свой дабрабыт і ўвогуле вырашыць многія матэрыяльныя пытанні. Парламент даўно пераўтварыўся ў орган, які імітуе народную ўладу і нейкі дэмакратычны механізм, а на самай справе з’яўляецца адным з вузлоў улады. І, безумоўна, нехта ідзе туды не толькі з наменклатурнага кола, якое вызначаецца па спісе недзе ў высокіх кабінетах.

РР: Вы маеце на ўвазе прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці?

Так, засталіся яшчэ ідэалісты-энтузіясты і тыя, хто шчыра верыць у магчымасць пераменаў дэмакратычным шляхам, якія павінны адбывацца. Добра было б, каб так і сталася, каб выбары праходзілі празрыста. Але ж гэтага няма і не будзе ў бліжэйшы час.

РР: На ваш погляд, ці будзе апазіцыя на гэтых выбарах прымаць актыўны ўдзел?

Я бачу, што такая ўстаноўка ўжо ёсць у апазіцыі, і ў тым, што такая сітуацыя стварылася, лічу, пэўная доля віны і адказнасці ляжыць на тых, хто ўзяў на сябе ролю лідара гэтага працэсу. Хоць яны засведчылі, што няздольныя да сапраўднай кансалідацыі і да таго, каб дасягаць рэальных пераменаў. Гэта ж ужо даўно ўсім відавочна. І тое, што зараз адбываецца актыўнае жаданне прымаць удзел у выбарах, на вялікі жаль, выглядае, як падыгрыванне той самай імітацыі, а не сапраўдныя выніковыя дзеянні. Мы ж памятаем, як адбывалася ў мінулыя часы, калі дасягаліся нейкія пагадненні, а затым усё ламалі і «перамагалі» самі сябе. Калі ў чарговы раз адбудзецца тое самае (а, хутчэй за ўсё, так і будзе), то нічога цікавага мы не ўбачым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя