Туск у Бруселі: рызыкоўнае павышэнне



У мінулыя выходныя ў Бруселі адбыўся саміт Еўразвязу, прысвечаны ў асноўным абранню двух важных еўрапейскіх чыноўнікаў. Новым старшынём Еўрапейскай Рады быў абраны польскі прэм’ер Дональд Туск, а кіраўніком знешнепалітычнага ведамства стала італьянская міністр замежных справаў Фэдэрыка Магерыні.

Тэарэтычна функцыя Туска – гэта прэзідэнт Еўразвязу, а Магерыні – міністр замежных справаў Еўразвязу. Аднак гэтак было б, калі б Еўропа была больш цэнтралізаваная і нагадвала Злучаныя Штаты Еўропы. Аднак паўнамоцтвы іх папярэднікаў – Германа ван Рампэя і Кэтрын Эштан – не былі шырокія. Большы за іх голас мелі лідары вядучых краін Еўразвязу: Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі.

Еўрапейскія медыі ў асноўным хваляць Дональда Туска, як “знакамітага прамоўцу”,  „прагматыка”, хаця і папракаюць у слабым валоданні замежнымі мовамі, асабліва ангельскай. Тым не менш упывовая, амерыканская газета  „Wall Street Journal” назвала яго “пераможцам Усходняй Еўропы”. Апроч аратарскага таленту выданне адзначае, што дзякуючы сваім палітычным здольнасцям Туск перажыў усе палітычныя крызісы і найдаўжэй заставаўся на пасадзе прэм’ера з кіраўнікоў урадаў усіх 28 краін Еўразвязу. „Wall Street Journal” падкрэслівае, што дзякуючы кіраванню Туска Польшча пазбегнула рэцэсіі, а сам Туск дзякуючы гэтаму атрымаў міжнароднае прызнанне.

Гішпанская „El Pais” падкрэслівае, што дуэт Туск – Магерыні дапаўняюць сябе ў пытанні стаўлення да Расеі і канфлікту ва Украіне. Туск – прыхільнік узмацнення санкцыяў супраць Расеі, а Могерыні, як і урад Італіі, прадстаўляе лагоднае, і нават прыязнае стаўленне да Крамля. Зрэшты і шматтыражнае, расейскае выданне “Маскоўскі камсамолец” падкрэсліла, што хаця Туск-палітык дасведчаны і прадказальны, аднак яго сімпатыі выразна на баку Украіны.

Для нямецкага выдання  „Der Spiegel”, выбар Туска і Магерыні – гэта вялікі плюс. “ Якая прыгожая пара,” – з захапленнем піша выданне. Паводле ўплывовай нямецкай газеты, розніцы паміж імі ў стаўленні да Расеі дазволяць ураўнаважыць супярэчлівыя пазіцыі і інтарэсы ў Еўразвязе. Газета нагадвае, што Туска моцна падтрымлівала канцлер ФРГ Ангеля Меркель, а  Магерыні – прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд.

Новыя галоўныя чыноўнікі Еўразвязу ўжо ў першых выступленнях пацвердзілі свае пазіцыі адносна падзеяў ва Украіне ва ўмовах адкрытага ваеннага ўварвання Расеі. Як заявіў Туск, Еўразвяз павінен заняць смелую, але не радыкальную пазіцыю ў пытанні ўкраінскага канфлікту, а канчатковай мэтай павінна быць дасягненне міру.

Федэрыка Магерыні не супраць падрыхтоўкі новых санкцыяў, аднак яна лічыць,  што Еўразвяз павінен аддаваць перавагу дыпламатычнаму вырашэнню канфлікта. Па яе словах, такая „разумная камбінацыя”, пагроза санкцыяў і дыпламатыя, будзе найбольш эфэктыўнай.

З часу далучэння Польшчы да Еўразвязу (10 гадоў таму) яшчэ ніколі прадстаўнік Цэнтральнай і Усходняй Еўропы не займаў такой высокай пасады ў Бруселі. Несумненна, гэта вялікі поспех Польшчы і шанец на яе большыя ўплывы ў Еўразвязе. Аднак нельга забываць, што да 1-га снежня, калі Туск уступіць на пасаду, ён павінен справіцца з сапраўдным землятрусам, які адбудзецца на палітычнай сцэне ў Польшчы. „Грамадзянская Платформа” трымалася на асобе Туска як прэм’ера і лідара партыі. Яго нехта мусіць замяніць на абедзвюх пасадах. Найчасцей згадваюцца кандыдатуры спікера Сойму Эвы Копач і міністра абароны Семоняка. Толькі ці хопіць ім аўтарытэту і харызмы Туска, дзякуючы якім партыя перамагае на чарговых выбарах і кіруе ужо 7 гадоў. Такой упэўненасці няма, і поспех у адным можа азначаць паразу ў другім.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ