Ці заменіць у Беларусі электраэнергія нафту і газ?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, куды ў Беларусі можа пайсці лішак электраэнергіі пасля будаўніцтва ў краіне Астравецкай АЭС.
Аляксандр Лукашэнка заявіў днямі, што беларускім прадпрыемствам трэба рыхтавацца да таго, каб замест газу і нафты яны выкарыстоўвалі электрычнасць. Маўляў, пасля пачатку функцыянавання атамнай электрастанцыі будзе лішак электраэнергіі.
Барыс Жаліба: Па-першае, яшчэ невядома, калі здадуць у эксплуатацыю АЭС.
Па-другое, у краіне насамрэч з’явіцца лішак электраэнергіі, а таму з’явіцца магчымасць зэканоміць на расейскіх нафце і газе. Але толькі там, дзе іх можна будзе замяніць электрычнасцю. А гэта не паўсюль магчыма. Электрычнасць, можа быць, будзе і таннейшая, але ж прадпрыемствам патрэбны не толькі яна. Там жа ёсць і іншыя тэхналагічныя працэсы, дзе больш выгодна выкарыстоўваць газ. А вось прадаць камусьці лішкі электраэнергіі і праўда будзе праблематычна ў тую ж Прыбалтыку ці краіны Еўразвяза. Там ёсць і тэхнічныя пытанні, і тое, што ў Еўропе хапае сваёй электраэнергіі. А Расея, наколькі мне вядома, у Калінінградзе таксама збіралася будаваць АЭС, але там будоўлю замарозілі, бо палічылі праект неперспектыўным.
РР: Куды лішкі электрычнасці можна было б эфектыўна ўжыць?
Барыс Жаліба: Можна зрабіць масавую замену ў жылым фондзе газавых пліт на электрычныя. Прапануецца развіваць таксама сегмент электрамабіляў, але тут, мяркую, не вельмі добрыя перспектывы. Гэты кірунак пакуль развіваюць толькі тэхналагічна развітыя краіны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя