Лукашэнка ўхваліў дату „парламенцкіх выбараў”



Аляксандр Лукашэнка  пагадзіўся з датай 11 верасня для правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, паведаміла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пасля сённяшняй нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях удасканалення выбарчага заканадаўства, паведамляе belta.by.

000019_907104_big

Мяркуецца, што выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу пройдуць з 18 чэрвеня па 18 верасня гэтага года, яны праводзяцца паэтапна ў трохмесячны перыяд. „Кожная вобласць і горад Менск вызначаюць самастойна даты правядзення сходаў дэпутатаў, дзе будуць абірацца члены Савета Рэспублікі. Супадае толькі перыяд, які вызначае закон і на працягу якога ажыццяўляюцца выбары на тэрыторыі кожнага рэгіёна”, — растлумачыла старшыня ЦВК.

Яна нагадала, што выбары ў абедзве палаты парламента прызначае кіраўнік дзяржавы.

На сённяшняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што парламенцкія выбары павінны прайсці ў дэмакратычнай і свабоднай атмасферы, „як у нас заўсёды было”. Ён дапусціў магчымасць прымянення падчас выбарчай кампаніі некаторых рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, але заклікаў не ўлічваць прапановы, „якія супярэчаць інтарэсам беларускага народа”.