Уладзімір Някляеў: Да згоды так і не прыйшлі
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў негатыўна ацэньвае вынікі чарговага пасяджэння нарады дэмакратычных арганізацыяў у Менску. Па словах Уладзіміра Някляева, абмяркоўваліся пытанні правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў і ўдзелу апазіцыі ў палітычнай кампаніі пад назвай „парламенцкія выбары”:
– Патрэбны адзіны спіс, не патрэбны адзіны спіс? Увогуле, трэба удзельнічаць на тых умовах, якія прапануе сённяшні рэжым, ці не трэба ўдзельнічаць? Да згоды так і не прыйшлі. Гэта мне вельмі моцна нагадала той працэс, які адбываўся падчас падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў, калі ўсе разумелі, усе згаджаліся з тым, што неабходны адзіны кандыдат і адзіная праграма, і гэтыя самыя людзі, якія сабраліся на раду, заблакавалі і вылучэнне адзінага кандыдата, і адзіную стратэгію беларускай апазіцыі на выбарах.
Бачна, што нічога з часу тых выбараў не змянілася, – канстатаваў Уладзімір Някляеў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nn.by