„Лупашка” – герой ці забойца?
“5-я Віленская брыгада Арміі Краёвай – героі сапраўдныя ці сумнеўныя?” – пад такім загалоўкам у Беластоку ў серыі „Прыпынак гісторыя“ прайшла сустрэча з прафесарам Гданьскага ўніверсітэта Пятром Нівінскім. Прафесар не пакідае сумневаў, што 5-я Віленская брыгада і яе камандзір, цяпер ўжо палкоўнік, Зыгмунт Шэндзеляж, псеўданім „Лупашка”, былі сапраўднымі героямі.
– Аддзел „Лупашкі” – гэта адзін з элітных аддзелаў польскага падполля. Гэта не выклікае сумневу. І без сумневу тое, што ўвогуле польскія партызаны ці жаўнеры польскага падполля – гэта эліта польскага грамадства. Пацыфікацыя беларусіх вёсак і забойства мірнага насельніцтва праводзілася, як перасцярога іх ад далейшай супрацы з камуністычным савецкім апаратам тэрору.
Пацыфікацыя беларускіх вёсак Вілюкі ды Патока на Беласточчыне, а таксама забойствы мірных жыхароў на Віленшчыне прафесар Нівінскі называе акцыямі па прадухіленні савецкага тэрору.
Зыгмунт Шэндзеляж, псеўданім „Лупашка”, быў урачыста перапахаваны 24 красавіка на варшаўскіх Павонзках з удзелам прэзідэнта Польшчы і прадстаўнікоў ураду. Міністр абароны Антоні Мацэрэвіч пасмяротна павысіў маёра „Лупашку” да ранга палкоўніка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота radyjo.net