Юрась Губарэвіч: Некаторыя пытанні патрабуюць дыскусіі



Першы намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч з аптымізмам ставіцца да працы нарады дэмакратычных арганізацыяў. Яе паседжанне адбылося ў Менску. „Зафіксавалі аднолькавыя падыходы да ўдзелу ў парламенцкай кампаніі. Фактычна ўсе прысутныя выказаліся за тое, што ўдзельнічаць у ёй трэба і неабходна вылучаць кандыдатаў,” – сказаў Губарэвіч.

– Мы павінны імкнуцца да фармавання супольнага спісу кандыдатаў. Пытанне: як будзе выглядаць гэты спіс? Ці гэта будзе па адным кандыдаце на акругу? Ці гэта будзе некалькі кандыдатаў, але якія дамовяцца паміж сабой і будуць дапамагаць праводзіць кампанію ў межах адной акругі? Гэта пытанне яшчэ для дыскусіі. Таксама важным момантам з’яўляецца тое, хто будзе прымаць рашэнне па фармаванні такога супольнага спісу.

„Ці гэта рашэнне будзе спушчана зверху і, адпаведна, пакажа сваю неэфектыўнасць, ці яно павінна прымацца ўнізе, на ўзроўні саміх кандыдатаў і іх камандаў. „Рух „За свабоду” і ўсе сябры правацэнтрысцкай кааліцыі – Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнню партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, выступаюць за другі шлях,” – сказаў Юрась Губарэвіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя