“Жывыя чытанні: …Імя гэтай зорцы палын”
“Жывыя чытанні: …Імя гэтай зорцы палын” прайшлі ў сядзібе-музеі “Пружанскі палацык”, што на Берасцейшчыне. Навучэнцы мясцовых педагагічных устаноў разам з супрацоўнікамі музея зачытвалі творы беларускіх класікаў на тэму Чарнобыльскай катастрофы. Такі фармат быў абраны нездарма, зазначае дырэктар музея і арганізатар мерапрыемства Юрась Зялевіч:
– Каб мы не забыліся, што мірны атам можа быць небяспечны, што Беларусь стала першай і самай вялікай ахвярай мірнага атама. Можна, канешне, было б запрасіць на “Жывыя чытанні” нейкага ліквідатара, лекара-рэнтгенолага, які б распавёў пра небяспечнасць радыяцыі. Але ліквідатар сказаў, што літаратурныя творы – нібы канцэнтрат тых падзей. І чалавек, які чытае гэтыя творы, прапускае тое праз сябе.
Агулам на імпрэзе прысутнічала каля трыццаці чалавек. Апроч літаратурнай часткі, наведвальнікам паказалі кадры наступстваў пасля Чарнобыльскай аварыі ў музычным суправаджэнні. Успамінамі пра дзень трагедыі падзяліліся супрацоўнікі музея і жыхары Пружанаў старэйшага пакалення.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара