„Гавары праўду” прапануе дэмсілам каардынавацца
Кампанія „Гавары праўду” распрацавала прапановы па каардынацыі дзеянняў дэмакратычных сілаў на парламенцкіх выбарах.
Першы кірунак такіх дзеянняў – гэта правядзенне сумесных пікетаў па зборы подпісаў і агітацыі, кажа адна з лідараў кампаніі “Гавары Праўду” Таццяна Караткевіч :
– Мы бачым, што галоўная супраца ўсіх дэмакратычных прэтэндэнтаў магчыма на лакальным узроўні. І мы прапанавалі ўсім актывістам, будучым прэтэндэнтам, каардынавацца падчас збору подпісаў: праводзіць супольныя пікеты, бо гэта больш зацікаўлівае людзей, сумесныя сустрэчы з выбаршчыкамі. Таксама каардынавацца ў кампаніі назірання і рабіць усё магчымае, дамаўляцца, каб адбыліся дэбаты.
Заяву са сваімі прапановамі па каардынацыі дзеянняў дэмакратычных сілаў на парламенцкіх выбарах кампанія „Гавары праўду” разаслала ўсім дэмакратычным лідарам з прапановай абмеркаваць яе на сустрэчы 3-га траўня.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня. Чакаецца, што афіцыйна старт кампаніі будзе дадзены 7 чэрвеня.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belta.by