Механізатары абураныя новаўвядзеннямі
Механізатары і кіроўцы сельгаспрадпрыемства “Бярозаўскае” абураныя новаўвядзеннем – цяпер яны будуць карацца штрафамі, калі на службовай тэхніцы пад’едуць дадому ці пад краму. У пачатку пасяўной ім далі падпісаць на звычайнай паперцы тэкст-пастанову нібы ад старшыні Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта, дзе было сказана пра гэта.
Кіроўца гаспадаркі Уладзімір Шпігун лічыць такі крок неразумным:
– На маю думку, слепа выконваць гэты ўказ –глупства. Напрыклад, у мяне ад пошты пачынаецца маршрут аўтобуса, ля пошты ён і заканчваецца. Загнаць аўтобус на тэрыторыю – гэта лішні кіламетр. Кіламетр туды-назад – гэта ўжо два. За дзень, бывае, я 12 рэйсаў раблю. Гэта 24 км лішніх. Хто хоча напіцца, хто хоча скрасці яны гэта зробяць.
Паводле спецыяліста аддзела механізацыі, аховы працы, транспарта і пажарнай бяспекі Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта Івана Велясевіча, такой забароны ад аблвыканкама не было. Нельга толькі астаўляць тэхніку нанач каля дома. Але і гэта выклікае пытанне ў кіроўцаў, чый працоўны дзень пачынаецца а 4-й гадзіны раніцы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота drive2.ru