МАЗ Сяргея Вязовіча збіў чалавека на этапе ралі



Падчас другога этапа ралі-рэйду „Золата Кагана» гоначны МАЗ збіў аднаго з гледачоў, які апынуўся занадта блізка да трасы. Пацярпелага з траўмай рукі і грудзей даставілі ў шпіталь на верталёце. Гонка на нейкі час была прыпыненая, маршрут 2-га спецучастка быў скарочаны, піша extremal.by.

Ралі

«Па інфармацыі арганізатараў, глядач няправільна размясціўся на барханах Вялікі Брат, у выніку чаго адбыўся кантакт з аўтамабілем МАЗ», – тлумачыць афіцыйны блог ралі-рэйду „Золата Кагана”. Па здагадцы ГУ МУС па Астраханскай вобласці, «экіпаж грузавіка, хутчэй за ўсё, не заўважыў чалавека ў клубах пылу».

У бліц-інтэрв’ю пасля другога дня спаборніцтваў кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч прызнаўся, што пра выпадак з гледачом даведаўся толькі на фінішы.

На жаль, чалавека там мы не бачылі, калі б ўбачылі, то спыніліся для аказання дапамогі. І, я думаю, магчыма, да гэтага часу б яшчэ там знаходзіліся, але мы даведаліся пра гэта толькі на фінішы, – пракаментаваў тое, што здарылася Сяргей Вязовіч парталу rosrr.com.

– Па роадбуку заход на «Вялікі брат» зроблены «у лоб», а калі грузавік ідзе амаль вертыкальна, то перад ім вельмі вялікая мёртвая зона, практычна нічога не відаць. Як там мог, у 15-метровым створы, апынуцца чалавек – я сказаць не магу, – патлумачыў у інтэрв’ю Сяргей Вязовіч.

Афіцыйную заяву пра тое, што адбылося ў ходзе спаборніцтваў, зрабіў кіраўнік ралі-рэйду „Золата Кагана 2016» Уладзімір Каралёў.

За такі просты спартовы інцыдэнт мы не маем права спыняць ці здымаць экіпаж з гонкі – тут абсалютна няма віны экіпажа. Спартоўцы знаходзіліся на гоначнай трасе ў працэсе спаборніцкай барацьбы, ды і экіпаж проста не чакаў, што там нехта можа з’явіцца, – дадаў Каралёў.