Беларускія могілкі з’явяцца ў інтэрнэце



Пра незвычайнае захапленне, якое можа дапамагчы тысячам людзей знайсці свае карані, аўтар ідэі распавёў Польскаму радыё.

mohilki160429-ji19d

Мянчук Андрэй Бурдзянкоў працуе гідам-перакладчыкам. Працуе з замежнай аўдыторыяй, на жаль, як сам кажа, вельмі малалікай. Адна з самых цікавых груп, з якой яму даводзіцца працаваць – гэта нашчадкі ўраджэнцаў Беларусі, якія хочуць пазнаёміцца з зямлёй продкаў. У 2011 ён дапамагаў госцю з Аўстраліі шукаць магілы сваіх дзядоў у вёсцы Налібакі ў Стаўбцоўскім раёне.

Андрэй Бурдзянкоў: Могілкі тады былі ў даволі кепскім стане: там ляжалі дрэвы, усё было ў кустоўі. Мы шукалі вельмі доўга, і праз два тыдні выявілася, што яго бацька пазнаў адну з надмагільных плітаў. Гэта была магіла яго бабулі. І пакуль мы хадзілі і шукалі, то я падумаў, што калі мы ў цэнтры Еўропы, то ў 21 ст. пошук магілаў павінен адбывацца інакш.

Так у Андрэя нарадзілася ідэя аблічбоўкі надмагільных пліт. У Беларусі робяцца пераважна спісы памерлых, а ён вырашыў пайсці далей, каб дапамагчы людзям імгненна знаходзіць пахаванні сваіх продкаў. Пачаў ён з налібацкіх могілак, якія ўразілі яго сваёй сваёй сціпласьцю, прыгажосцю і элегантнасцю. У Налібаках ён пабываў 20 разоў. Некалькі начэй начаваў на паркоўцы ў машыне, а раніцай працягваў аблічбоўваць.

karta160429-x4nuj

Андрэй Бурдзянкоў: Адмыслова зробленая праграма для „Андроіда” засякае каардынаты GPS і паказвае дакладнасьць у метрах. Каб дадаць на карту надмагільныя пліты, трэба стварыць там могілкі. Кожную пліту трэба фатаграфаваць і засякаць. У бясплатным дадатку, з якога я пачынаў каардынаты кожнай пліты, потым трэба было наносіць уручную.

Днямі Андрэй завяршае тэставанне ўласнага прыкладання, якое ён распрацаваў разам са знаёмымі. Яно дазваляе любому чалавек, які ўмее трымаць у руках смартфон, засекчы каардынаты GPS і зрабіць здымак надмагільнай пліты. Здымкі рабіць не так проста як можа здавацца. Найперш неабходнае ідэальнае сонца. Шмат клопатаў робіць мох і плесень на плітах. Змагацца з гэтым Андрэю дапамагае адмысловае амерыканскае рэчыва, якое не шкодзіць самой пліце або каменю, але ачышчае яго ад бруду. Два галоны (7,4 літра) гэтага рэчыва разам дастаўкай з ЗША каштуе ажно 120 даляраў.

Вынік сваёй працы Андрэй змяшчае на адмыслова створаным сайце www.graves.by. Старонка запрацавала ў лютым. На дадзены момант там ёсць інфармацыя пра 20 могілак у розных абласцях Беларусі і амаль 4 тысячы надмагільных пліт. Усю працу Андрэй выконвае сам.

Андрэй Бурдзянкоў: Сайт працуе пакуль па-ангельску, было б здорава зрабіць яго і на беларускай мове. Але пакуль наш бюджэт гэтага не дазваляе. Усе грошы, якія я часам маю з ахвяраваньняў, я выдаткоўваю на сваю справу, фактычна гэта маё хобі.

Апрача функцыі пошуку пахавання на сайце можна зарэгістравацца і пакінуць у выглядзе ПІНа ў сваіх населеных пунктах на карце googlemaps пытанне і чакаць адказу ад мясцовага краязнаўца ці проста мясцовага жыхара. На сайце будзе таксама створаны форум і дададзеныя некаторыя інструменты па архівах.

[youtube id=”uUzSBdIaeFE”]

Андрэй Бурдзянкоў: Могілкі – гэта карціна і адлюстраванне нашага грамадства. Для многіх гэта звяно, якое злучае іх з продкамі. У Пінску мы аднойчы дапамаглі знайсці магілу адной спадарыні з Канады за 5 хв. Гэта яшчэ адзін аргумент стварыць сайт і павялічыць шанцы. Карціна была вель кранальная. Яна правярала дадзеныя на пліце і прыглядалася да пахавання сваіх прадзедаў. Была цікавая сітуацыя, калі адзін чалавек прыехаў у родную вёску праз 70 гадоў. Там згарэла царква, а каля яе былі могілкі. І вось праз 70 гадоў адзінай магілай, якая там засталася, была магіла яго дзеда. І мясцовая жыхарка сочыць за ёй, дбае пра яе. У сайта www.graves.by падобная мэта. Я хачу дапамагчы людзям знайсці свае карані.

Цяпер Андрэй Бурдзянкоў аблічбоўвае могілкі ў Пінску і Гародні. У будучыні ён марыць пашыраць маштаб праекта, прыцягнуўшы да працы новых людзей.

Падтрымаць праект graves.by можна праз краўдфандынгавую плятформу www.gofundme.com/graves.by

radyjo.net