Валерый Мазынскі ставіць спектакль пад назвай «Карта паляка»



Распачалася праца над сумесным польска-беларускім тэатральным праектам. Гатовы спектакль пад назвай «Карта паляка» плануецца паказаць на беластоцкай сцэне ў верасні, у рамках тэатральнага фестывалю.

Фінансуе пастаноўку польскі бок. Потым магчымая і тэлевізійная версія спектакля на «Белсаце».

Пра будучую пастаноўку і пра сённяшні стан беларускай драматургіі з нашым карэспандэнтам Максімам Каўняровічам гаварыў рэжысёр праекту Валерый Мазынскі:

— Гэта павінна быць нейкае відовішча, на тэатральнай сцэне. Гэта ўжо не кіно, але там можа быць і кіно, бо сучасныя сродкі гэта дазваляюць і нават неяк і патрабуюць, каб усё гэта было разам. Гэта матэрыял, які цяпер яшчэ пішацца і рэалізоўвацца ён будзе ў Беларусі, але мы прымем удзел у фестывалі ў Польшчы, у Беластоку. Потым магчыма мы пайграем гэта дома, а можа і яшчэ ў Польшчы. Тэма вельмі цікавая і назва спектакля будзе «Карта паляка».

РР: А хто фінансуе пастаноўку?

— Гэтая, вядома, фінансуюць не ў нас, бо пад такую назву ніхто мне тут грошай не дасць. Ідэя ўзнікла з польскага боку калі больш канкрэтны і тэрытарыяльна казаць, дык фінансаванне будзе з Беластоку.

РР: А які будзе далейшы лёс спектакля?

Я думаю можна неяк марыць і планаваць. Прэм′ера павінна быць у Польшчы, потым хацелася б яго запісаць для «Белсату». Гэткія ў нас планы. Усё будзе залежаць ад таго, што атрымаецца. Калі выйдзе цікава, дык можа мы і тут сыграем, а можа і яшчэ куды-небудзь з′ездзім. Я думаю будзе даволі мабільная акторска-рэжысёрская група. Жыццё спектакля заўсёды залежыць ад таго, якім ён атрымаўся.

РР: Ваша імя паводле апытання Нашай Нівы ўваходзіць у дзясятку найлепшых тэатральных рэжысёраў Беларусі ўсіх часоў. Каго б вы хацелі адзначыць са сваіх калегаў, якія пастаноўкі і якія тэатры, на ваш погляд, вартыя ўвагі не сёння? ?

На жаль, я адлучаны ад нашага тэатру ўжо даўно: з 2000 года. Я быў вымушаны сысці і перакваліфікаваўся ў кіношніка. Я займаюся дакументальнымі фільмамі, але калі чалавек аддаў жыццё тэатру, дык тэатр нікуды не дзяваецца, недзе там шавеліцца і ўвесь час пра сябе нагадвае, нібы вымушае глядзець новую драматургію і хочацца іншым разам глянуць на спектаклі, на якія я ўсё ж баюся хадзіць, бо вельмі многа расчараванняў. Наш тэатр, на жаль, у вельмі рэдкіх момантах спрычыняецца да таго, каб сказаць пра тое, што сёння робіцца ў нас на вуліцы: пра жывое жыццё. Ён увесь час звяртаецца ці то да глыбокай гісторыі, ці ўвогуле да нейкай камедыі, каб толькі не закранаць сучаснасці. Такой самацэнзуры, якая сёння існуе ў нашых тэатрах, не было нават пры Савецкім Саюзе і гэта я ведаю дакладна, бо я там быў добры кавалак часу. Ад гэтага тэатр не можа па-жывому развівацца. Хоць тая ж драматургія развіваецца, нікуды не дзяваецца, але паколькі ў Беларусі толькі тры тэатры з трыццаці чатырох беларускія, а астатнія — гэта проста падаўжэнне расейскага тэатральнага анклаву, — немагчымае добрае развіццё беларускай драматургіі. Тут я не кажу толькі пра беларускамоўную, але па-сутнасці: тую, якая б мусіла адказваць на пытанні сённяшняга часу. Тэатр наогул павінен гаварыць пра сёння. У любой драматургіі: Шэскпіра, Мальера, — але павінен гаварыць пра сёння.  Ні пра ўчора ці заўтра, а пра сёння. Я так лічу. З гэтага пункту гледжання мяне не тое што здзіўляе, але мне шкада, што маладая драматургія, якія нараджаецца і прыходзіць, у бальшыні сваёй гэта таксама падаўжэнне такога ўсходняга, расейскага вектара драматургіі. Яны не могуць адарвацца ад яго.

Калі казаць пра творцаў, дык мяне вельмі зацікавіў літоўскі рэжысёр, які цяпер працуе ў Магілёве. Мне здаецца, гэта вельмі важна для Беларусі. Шкада, што не ў Менску, але мяркую ў Менску яго лепш бы ўразумелі і ён нядоўга ён бы тут папрацаваў. У правінцыя гэта, мабыць, не так бачна. Што да рэжысёраў, дык вядома Мікола Пінігін, які стараецца ўсё ж такі гаварыць пра нас, хоць і не так часта. Апошняя прэм′ера «Дзве душы» Гарэцкага — гэта якраз з таго шэрагу пастановак, якія будуць даваць добры ўздых беларускай тэатральнай і не толькі культуры. Тут і нейкая грамадзянская пазіцыя пэўная ёсць — гэта тое, што мы можам запісаць сабе ў набытак.

Тэма «карты паляка» неадназначна ўспрымаецца ў Беларусі, асабліва яе ўладамі. З-за пэўных выгодаў уладальнікамі «карты» імкнуцца стаць не толькі тыя грамадзяне Беларусі, хто мае польскія карані. Таму тэма будучага спектакля актуальная па абодва бакі мяжы.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belsat.eu