Станіслаў Шушкевіч: З ваўка немагчыма зрабіць вегетарыянца
Беларусь паволі аднаўляе дыялог з Еўропай, і ён не падобны да 2008 года, адзначыў у нашым эфіры першы кіраўнік Беларусі, былы старшыня Вярхоўнага савета 12 склікання Станіслаў Шушкевіч.
„Я спадзяюся, што Еўропа памятае ўрокі папярэдняга дыялогу, хаця вонкава беларускі рэжым ізноў выглядае больш прывабна чым суседняя Расея”, – адзначыў палітык.
Станіслаў Шушкевіч: Мне цяжка бачыць тое, што адбываецца ў Еўропе, асабліва мне цяжка бачыць тое, што Расея, якая ў Першай і ў Другой сусветнай войнах заплаціла жыццямі сваіх грамадзян, цяпер з’яўляецца ініцыятарам гэтай новай вайны. Пуцін узяў на ўзбраенне сталінскі прынцып вядзення вайны, паводле якога сама таннае ўзбраенне – гэта чалавечыя жыцці. Яму гэтых жыццяў не шкада: ні расейскіх ні ўкраінскіх, хаця ён сам сцвярджаў, што гэта адзін народ. Калі ты так думаеш, то паклапаціся пра гэты народ! Насамрэч гэта не адзін народ, гэта розныя народы – ўкраінцы і расейцы, але фактычна на бой іх вядзе Пуцін. Расейская тэлехунта – расейскае тэлебачанне, калі падае гісторыю Першай сусветнай вайны, падае як каварства тых, хто быў з Расеяй у саюзе, і паказвае, што менш за ўсё вінавата ў гэтым Расея. Хаця я думаю, што гэтая вайна стала магчымай дзякуючы таму, што было расейскае абыякавае стаўленне да яе, і Расея заплаціла многімі жыццямі, а мы тады былі ў складзе Расеі.
РР: Многія праводзяць гістарычныя паралелі з даваенным перыядам – Мюнхенская дамова пра падзел Чэхіі, пра гэта згадвалі ў час вайны Расеі з Грузіяй, а таксама цяпер. Як можна ацаніць тое, як Еўрапейскі звяз, які з’яўляецца наднацыянальным органам, як ён рэагуе на тое, што адбываецца ва Украіне?
Станіслаў Шушкевіч: Ведаеце, вялікія палітыкі далі належную ацэнку перадачы Судэтаў, Мюнхенскаму пагадненню. Гітлераўская настойлівасць прывяла да таго, што фашысцкая Германія без бойкі атрымала новыя тэрыторыі, і пасля гэтага яна пачала Другую сусветную вайну, а Пуцін сыходзіць з таго, што Еўропа не адважыцца на радыкальныя дзеянні. Таму ён, маючы моцную армію, у параўнанні з украінскай, проста паказвае, што сілай можна зрабіць, што хочаш, а апраўданне няхай шукаюць Лаўровы ды іншыя сатэліты. Паглядзіце, гэта такая ганьба, калі людзі забываюць пра сумленне і пачынаюць гаварыць пра гуманітарную дапамогу, калі самы падтрымліваюць гэтую вайну, самы здзейснілі інтэрвенцыю „зялёных чалавечкаў”, самы ўчыняюць элементы бандытызму, і кажуць, што на жаль, Украіна не пускае туды гуманітарную дапамогу – гэта дапамога бандытызму, а не гуманітарная дапамога. Гэта дапамога ў рабаванні Украіны, пра гэта гаворкі няма, як быццам пра гэта гаворкі не можа быць. Дзякуй Богу, што хоць у Савеце бяспекі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ёсць каму, што сказаць. Мне падабаецца амерыканская пазіцыя.
РР: Ці ўдасца гэтым разам афіцыйнаму Менску пачаць размовы з Еўразвязам?
Станіслаў Шушкевіч: Вы ведаеце, я маю надзею, што Сікорскі не змяніў сваё стаўленне да Лукашэнкі таму, што многа гадоў запар у мяне былі сустрэчы з Сікорскім, калі ён быў прыхільнікам такога падыходу, што можна перавыхаваць Лукашэнку, але пасля ён заняў годную пазіцыю таму, што я яму заўсёды казаў, што вегетарыянца з ваўка зрабіць немагчыма. Мне здаецца, што ён цяпер мае такую пазіцыю, што з ваўка немагчыма зрабіць вегетарыянца, і захоўвае гэтую пазіцыю. Ён ніякай заявы не зрабіў пра падтрымку стаўлення да Беларусі, да Лукашэнкі , спадзяюся, што ён не зменіць сваю пазіцыю, як не зменіць стаўленне і польскі ўрад. Калі ж адбудзецца змена, то гэта наогул будзе трагедыя, таму што Еўропа непаслядоўная, яна больш за ўсё клапоціцца пра сваіх грамадзян. З аднаго боку гэта добра. Але, на вялікі жаль, яна яшчэ клапоціцца пра вынікі наступных выбараў. Вось калі Лукашэнка прыкідваецца такім лагодным і пушыстым, і гэта паказваюць масмедыя, няма таго прасвятлення ў еўрапейскай аўдыторыі, якое б тлумачыла, што адбываецца ў Беларусі, што адбываецца ў Расеі. Шырокага тлумачэння няма да гэтага часу і баюся, што не будзе, і тут можна маніпуляваць. Пасля таго, як у свой час Беніта Ферэра-Вальднэр і Хаўер Салана, камісары Еўразвяза сказалі, што ў іх да Лукашэнкі няма ніякіх умоваў, я пабойваюся, што Еўропа зноў можа забыць пра палітвязняў, забыць пра знікненне ў Беларусі палітыкаў, забыць пра тое, што Беларусь стала сховішчам для бандытаў кшталту Бакіева. Я б хацеў, каб еўрапейскія палітыкі былі паслядоўнымі.
РР: Наперадзе прэзідэнцкія выбары, ці здольная апазіцыя прадставіць альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку?
Станіслаў Шушкевіч: Апазіцыя прадстаўляла пэўныя альтэрнатывы, альтэрнатывай павінна быць нармальнае фармаванне выбарчых камісій і нармальны падлік галасоў на выбарах. Ніякіх зменаў у заканадаўстве не адбылося, каб гэта рэалізаваць, таму чакаць няма чаго. Што б не рабіла апазіцыя, акрамя рэпрэсій яна нічога не дасягне. Мы знаходзімся ва ўмовах, у якіх у свой час знаходзіліся людзі ў Савецкім Саюзе. Тая жменька апазіцыянераў, я б сказаў дысідэнтаў, якая выходзіла ў свае часы на Чырвоную плошчу ў Маскве, хто пратэставаў супраць уводу войск у Чэхаславакію і так далей, яны адседзелі ў свой час у турмах, многія там і загінулі. Нешта падобнае цяпер робіцца ў Беларусі, і ў Расеі таксама – паглядзіце што адбылося з гэтай Балотнай плошчай, як характаразавалі ўдзельнікаў гэтых пратэстаў, гэтых дэманстрацый. Я б сказаў, што дыктат у Расеі і ў Беларусі сурвымерны, і гэта вяртанне прынцыпаў былога Савецкага саюзу. Маючы сілавікоў, якія падпарадкваныя не закону, а прэзідэнту і там і там, альбо такому парламенту, як Савет Федэрацыі ў Расеі, які адзінагалосна прыняў рашэнне пра тое, што трэба ажыццявіць анексію Крыма… Пры такіх апетытах і пры такой ментальнасці расейскіх палітыкаў, чакаць нейкага паляпшэння нельга. Беларусь, на вялікі жаль, паводзіць сябе як частка Расеі і супрацьстаяць гэтаму вельмі цяжка. Апазіцыянеры нашы так не кажуць, але фактычна падзеі пацвярджаюць, што толькі падпарадкаваўшыся Расеі цалкам, Лукашэнка можа працягнуць сваё існаванне, і пакуль у Расеі будзе існаваць Пуцін і пуцінізм я на змены ў Беларусі не спадзяюся.
РР: Вас запрашалі чытаць лекцыі ў Расею, як цяпер выглядаюць гэтыя кантакты?
Станіслаў Шушкевіч: З сакавіка ў мяне не было ніякіх публічных і ўніверсітэцкіх лекцый у Расеі, і я баюся, што іх не будзе больей таму, што многія з тых людзей, якія мне здаваліся сапраўднымі прыхільнікамі прававой дзяржавы, сапраўднымі прыхільнікамі дэмакратыі, сапраўднымі прыхільнікамі дэмакратычнай Канстытуцыі, яны аказаліся не зусім такімі, альбо яны апынуліся ў меншасці. Мне даволі цяжка, я нават павінен перабіраць сваіх лепшых сяброў. Я раней не мог падумаць, я не хачу называць канкрэтныя прозвішчы, але ў гэты спіс пяцісот увайшлі многія з тых, якія падтрымалі анексію. У гэты спіс увайшлі людзі, якія ніколі не здаваліся мне прыхільнікамі агрэсіі, але яны ўвайшлі і тут можа быць толькі два адказы, альбо яны абсалютныя дурні ў палітыцы, але так не выглядае, бо яны ж высокаадукаваныя людзі. Значыць гэта іх жыццёвая пазіцыя, гэта іх сумленне. Яны хочуць больш імперскай Расеі, больш хочуць магутнай дзяржавы, чым чалавечага жыцця.
РР: Ці ёсць нейкі проблеск аптымізму?
Станіслаў Шушкевіч: Я спадзяюся на добрыя перамены, але мне здаецца, што расейская інтэлігенцыя адпавядае таму вызначэнню, якое зрабіў пра савецкую інтэлігенцыю ў свой час Гі Сарман – вядомы французскі публіцыст і гісторык, ён сказаў, што савецкая інтэлігенцыя не займае палітычнай пазіцыі той, якую яна павінна займаць, не адыгрывае ніякай гістарычнай ролі ў палітыцы. Мне задецца, што расейская інтэлігенцыя забылася, што яна не можа быць нейтральнай да палітыкі таму, што калі яна робіць заявы ў падтрымку агрэсіі значыць яна перастае быць інтэлігенцыяй. Гэта мяне штурхае на тое, каб я фактычна кінуўся ў песімізм, але што мяне выратоўвае? Ведаеце, калі мы ехалі ў Белавежскую пушчу на гэтую нараду, мы не думалі, што прымем такое рашэнне. Часамі розум бярэ верх над прымітывізмам інтэлігенцыі, будзем спадзявацца на гэта.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя