“Матчын рух 328” звярнуўся да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі



Маці і родныя асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных сродкаў) звярнуліся да мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла – Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У лісце на імя мітрапаліта актывісткі сацыяльна – асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” просяць пра магчымасць сустрэцца.

Мэта сустрэчы –  праінфармаваць кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы пра складаную сітуацыю, якая ўзнікла вакол тых асобаў, што прыцягваюцца да адказнасці і адбываюць пакаранне паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

Пра гэта паведаміла старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар:

– Каб пасадзіць чалавека, перадусім трэба даказываць яго віну поўнасцю. Калі б нашы доблесныя праваахоўныя органы дакладна правяралі ўсе справы і не судзілі аднабока, гэтыя хлопцы, якія цяпер адбываюць тэрмін пакарання, не сядзелі б, былі б на волі і прыносілі на шмат большую карысць дзяржаве, чым там, дзе яны цяпер знаходзяцца.

Асаблівую занепакоенасць актывістаў грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” выклікаюць спробы суіцыду  асуджаных у сувязі з катаваннямі падчас следства. Такія выпадкі ў турмах адбываюцца пасля патрабаванняў Аляксандра Лукашэнкі стварыць больш жорсткія ўмовы ўтрымання для асуджаных за “наркатычныя злачынствы”.

Жанчыны маюць намер праінфармаваць Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Паўла пра тое, што адбываецца з маладымі людзьмі, якія  апынуліся за кратамі ў шэрагу выпадкаў паводле сфальсіфікаваных спраў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня