На Гарадзеншчыне змяншаецца колькасць ІП
На працягу года колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў на Гарадзеншчыне зменшылася амаль на 2 тысячы чалавек.
Калі на пачатку 2015 года колькасць прадстаўнікоў дробнага бізнесу перавышала 28 тысяч, то цяпер гэта лічба складае 26 200. Асноўныя прычыны істотнага змяншэння колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў Прынёмання – незадавальняючыя ўмовы працы, якія вымушаюць многіх сыходзіць з бізнесу:
– Усе законы, усе ўказы – гэта толькі знішчэнне рынкаў. Людзі сыдуць з рынкаў. Думаючы пра будучыню дзяцей, я думаю ўсё ж такі з’язджаць з краіны.
– Так не павінны жыць людзі, гэта страшна, калі так будзе жыць моладзь.
– Сертыфікацыі няма, дакументаў няма. Дзесяць даляраў рэч каштуе, а пасля сертыфікацыі яна каштуе дваццаць. Заплаці за месца, заплаці арэнду, заплаці ПДВ, заплаці прадаўцу. Што застаецца?
– У значнай меры ўсё гэта вельмі неразумна, бо ўплачваецца падатак – вялікія грошы, якія ідуць у бюджэт. Настаўнікі, медычныя работнікі атрымліваюць з гэтага заробак, таму я думаю ў нейкай меры гэтая сітуацыя адаб’ецца і на гэтых людзях.
Паводле інфармацыі Гарадзенскай абласной падатковай інспекцыі, за першы квартал бягучага года індывідуальныя прадпрымальнікі рэгіёна заплацілі дзяржаве падаткаў на суму, якая складае 4,5 мільёны даляраў. Гэтая лічба саступае мінулагодняй прыкладна на паўмільёна даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня