Кангрэс беларускай культуры ў Менску (абноўлена)
Два дні працаваў у Менску Першы міжнародны кангрэс беларускай культуры, які сабраў у Нацыянальнай акадэміі навук больш за тры сотні ўдзельнікаў. Пасля завяршэння работы кангрэса сваімі ўражаннямі з нашым карэспандэнтам падзялілася сакратар адной з секцый – кандыдат мастацтвазнаўства Ганна Барвенава.
– Ад любых маштабных формаў плён заўсёды будзе, дзе знаёмяцца адзін з адным, калі незнаёмыя, наводзяцца кантакты. Гэта азначае, што будзе будучая сумесная праца, можа сумесныя кнігі. І зразумела, што будзе зборнік выдадзены, дзе ўсё тое наватарскае, што было расказанае падчас розных секцый, з’явіцца ў выглядзе тэкстаў. Бо незаўсёды можна пачуць усе даклады, якія чытаюцца на кангрэсе, аднак можна пачытаць пасля ў зборніку. А калі плануецца зборнік, то гэта ўжо істотна.
У кангрэсе ўдзельнічалі даследчыкі беларускай культуры з адзінаццаці краінаў свету. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства культуры.
* * *
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць першы Міжнародны кангрэс беларускай культуры. Ягоная праца працягваецца другі дзень. Сваімі уражаннямі дзеліцца адна з удзельніц, даследчыца з Польшчы, Бажэна Чэвіньска:
— Я этнограф і філолаг і 6 гадоў працую на польска-беларускім памежжы, дзе даследую духоўнасць, вераванні і культуру. Учора мы былі у музеі гісторыі і бачылі выдатны жывапіс, беларускі народны. Вельмі рэкамендую паглядзець, бо столькі твораў мастацтва ў адным месцы. Усё вельмі добра арганізавана, мы мелі да выбару мноства музеяў, якія можна было наведаць, паглядзець.
Сярод удзельнікаў з замежжа польская дэлегацыя на Кангрэсе беларускай культуры трэцяя па колькасці дакладчыкаў пасля Расеі і Украіны.
****
Сваімі спадзяваннямі з нашым карэспандэнтам дзеліцца яго ўдзельнік са Злучаных Штатаў Амерыкі, гісторык, супрацоўнік Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі Лявон Юрэвіч:
– Што дасць гэты Кангрэс у параўнанні з іншымі мерапрыемствамі, якія праводзяцца? Гэта трэба будзе глядзець па выніках. Што ён прынясе? Што ён дасць? Але тое, што гэта афіцыйнае мерапрыемства, і былі афіцыйныя запросіны да эмігрантаў, да людзей, якія не далучаны да афіцыйных структураў, то я лічу гэта важным. Цікава, чым гэта скончыцца? Ці будзе магчыма нейкае супрацоўніцтва? Але паглядзім.
У Кангрэсе беларускай культуры бярэ ўдзел больш за тры сотні дакладчыкаў, якія прадстаўляюць 11 краін свету. Праца вядзецца ў 15-ці секцыях.
* * *
Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры працуе ў Менску. У ім бяруць удзел вядомыя культуролагі, гісторыкі, этнографы, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, між іншым, з Беларусі, Расеі, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Японіі, Польшчы, Славаччыны. Сярод арганізатараў – доктар гістарычных навук Сяргей Віцязь:
– Гэта першае мерапрыемства такога ўзроўню. Першы Міжнародны кангрэс беларускай культуры. Але кангрэс – гэта спроба зрабіць погляд на нацыянальную культуру беларусаў, які б улічваў усе пазіцыі, усе магчымыя пункты гледжання. І таму менавіта ўзровень кангрэса быў прыняты для мерапрыемства. Сюды запрошаны як даследчыкі навуковых устаноў Беларусі, так і замежныя прадстаўнікі з 11 краін свету.
Агульная колькасць удзельнікаў Міжнароднага навуковага кангрэсу беларускай культуры ацэньваецца ў 350 чалавек. На кангрэсе дакладчыкі выступаюць па секцыях, тэматыка якіх ахоплівае практычна ўсе аспекты традыцыйнай і сучаснай беларускай культуры, а таксама культуры нацыянальных меншасцяў краіны і дыяспары.
Высокія чыноўнікі – прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, якія павінны былі ўрачыста адкрываць Першы Міжнародны кангрэс беларускай культуры, на форум не прыйшлі.
Сёння іх тэрмінова выклікалі на пасяджэнне аргкамітэта «ўсебеларускага народнага сходу», якое Аляксандр Лукашэнка прызначыў на 22 чэрвеня. Замест «першых асоб» у прэзідыуме кангрэса засядаюць намеснікі міністра культуры, інфармацыі, адукацыі.
Між іншым, міністр культуры Барыс Святлоў і старшыня прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў з’яўляюцца сустаршынямі кангрэса.
Прывітальнае слова прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова акадэмік Аляксандр Сукала зачытаў на расейскай мове.
* * *
Сёння ў Менску пачынаецца двухдзённы Міжнародны навуковы Кангрэс беларускай культуры. Яго арганізуюць дзяржаўныя структуры: Нацыянальная Акадэмія Навук, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, а таксама Міністэрства Культуры Беларусі.
На думку старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алега Трусава, нічога надзвычайнага ў гэтым Кангрэсе няма, акрамя таго, што ў Год Культуры выпадала ўладам правесці нейкае, падобнае мерапрыемства.
– Па-першае, абвесцілі Год Культуры. Па-другое, улады хочуць зрабіць нешта альтэрнатыўнае тым кангрэсам, якія ладзяць нашы гісторыкі. Ну, і абставіны вымушаюць уладаў нешта рабіць у дзяржаўнай галіне. Трэба ж неяк гэту імперскую русіфікацыю прыпыніць, бо яна выйшла ўжо за ўсе межы. І Лукашэнка ў апошнім выступе іх моцна крытыкаваў, сказаў, што мы не будзем на пабягушках. Гэта і ёсць грунтоўны адказ «русскому миру».
На думку мовазнаўца і палітыка Вінцука Вячоркі, мяркуючы па адборы выступоўцаў, нічога надзвычайнага ў гэтым Кангрэсе няма, акрамя таго, што у Год Культуры выпадала ўладам зладзіць нейкае падобнае мерапрыемства.
– Я не сказаў бы, што там робіцца акцэнт на беларускай ідэнтычнасці. Ці не бальшыня спавешчанняў будзе па-расейску. Не толькі таму, што навукоўцы прыязджаюць з розных краін. Міжнародны фармат – гэта добра. Але прарыву асаблівага я не бачу. Для ўсякай звычайнай дзяржавы фундаваць такія рэчы – нармальная справа. Але тут нічога рэвалюцыйнага няма. У пэўным сэнсе больш эвалюцыйным быў форум, прысвечаны спадчыне ВКЛ.
На сайце Кангрэса сцвярджаецца, што форум пакліканы садзейнічаць развіццю даследаванняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і па-за яе межамі, а таксама спрыяць пашырэнню міжнароднай супрацы навукоўцаў розных краін.
Аднак выдатныя дзеячы беларускай культуры, напрыклад, старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў, запрашэння на форум не атрымаў.
* * *
У Кангрэсе, які пройдзе 5-6 траўня ў Менску, возьме ўдзел больш як 300 беларусістаў з розных краін свету: спецыялісты па культуралогіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратура- і мовазнаўстве. Арганізуюць маштабнае мерапрыемства Нацыянальная акадэмія навук, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры пры НАН і Міністэрства культуры.
Форум закліканы садзейнічаць развіццю даследаванняў айчыннай культуры ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама спрыяць пашырэнню міжнароднай супрацы вучоных розных краін, адзначаецца на сайце Акадэміі навук.
«Працэсы глабалізацыі, выклікі і канфлікты сучаснасці востра актуалізуюць праблему захавання нацыянальных культур і традыцый народаў. Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, навуковы аналіз сучаснага стану нацыянальнай культуры і перспектывы іх развіцця з’яўляюцца асноўнай сістэмнай задачай, якая забяспечыць стабільнасць і росквіт незалежнай Беларусі», — адзначаецца на сайце Кангрэса.
Падчас Кангрэса будуць працаваць выставы выратаваных беларускімі рэстаўратарамі артэфактаў, навуковых выданняў.
Адкрыццё – 5 мая 2016 года ў 10.00 у Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, 2 паверх).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by