Міжнародны дзень свабоды прэсы



3 траўня — Міжнародны Дзень свабоды прэсы і свабоды выказванняў. Гэтае свята пачалі адзначаць у 1994 годзе паводле рашэння Генеральнай асамблеі ААН. Яшчэ раней Генеральная канферэнцыя ЮНЭСКА прыняла рэзалюцыю “Аб садзейнічанні свабодзе друку ва ўсім свеце”, паводле якой свабодная, плюралістычная і незалежная прэса з’яўляецца неад’емным складнікам дэмакратычнага грамадства. Мы спыталі ў некаторых гарадзенцаў, якую незалежную прэсу яны чытаюць:

— Калі я чытаю нейкую прэсы, дык тую, якая дазволіць даведацца пра альтэрнатыўныя погляды. Такія газеты як Наша Ніва, Народная Воля, бо чытаць «Савецкую Беларусію» і аднабока глядзець на тое, што адбываецца ў краіне, я, як разумны чалавек, не магу. Таму і стараюся шукаць альтэрнатыўныя крыніцы,у тым ліку і прэсы.

— Звычайна я нічога не чытаю і стараюся пазбягаць гэтай інфармацыі. Хоць у сваім мінулым жыцці я — журналіст. Магчыма мяне закранула фармацыя, якая бывае ў журналістаў.

— Папяровай прэсы я не чытаю, а ў інтэрнэце мне падабаецца гарадзенскі сайт «Твой стыль», бо там па-беларуску напісана. 

Сітуацыя з незалежнай прэсай у Гародні выглядае даволі сумна. За апошнія 15 гадоў былі ліквідаваныя такія выданні як “Пагоня” і “Біржа інфармацыі”. Журналісты незалежных СМІ неаднаразова атрымлівалі вялікія штрафы і пракурорскія папярэджанні.

Гарадзенскія журналісты ў сусветны дзень свабоды прэсы адзначаюць істотныя перашкоды ў выкананні сваіх прафесійных абавязкаў з боку ўлады. Мясцовыя чыноўнікі, супрацоўнікі міліцыі і КДБ прыкладаюць вялікія намаганні дзеля таго, каб прадстаўнікі незалежных медыя не здолелі атрымаць патрэбную ім інфармацыю. Як зазначае фрылансер Алесь Кіркевіч, свабода прэсы выглядае далёка не так, як яна павінна выглядаць згодна тым абавязкам, якія мае Беларусь перад міжнароднай супольнасцю:

— Дзяржава лічыць фрылансераў нейкімі дармаедамі, беспрацоўнымі і проста намагаецца іх не заўважаць. Журналістаў штрафуюць, калі яны працуюць без акрэдытацыі, што само па сабе абсурдна ўлічваючы нашу канстытуцыю, бо кожны чалавек можа збіраць, распаўсюджваць інфармацыю і пісаць тое, што ён лічыць патрэбным.

Ігар Банцар, незалежны журналіст:

Умовы, што накінуты зверху праз міністэрства інфармацыі, яны адназначныя: акрэдытацыю атрымаць немажліва, а без паперкі ты — букашка. І гэта першасная прычына, а далей ідзе ўжо ўсё астатняе.

Алесь Дзянісаў, фрылансер:

— Людзі баяцца аб′ектыву, людзі баяцца размаўляць. Тут кожны дзясяты толькі пойдзе на кантакт. Праблема ў страху.

Паводле даследаванняў міжнароднай праваабарончай арганізацыі   Freedom House, Беларусь мае статус краіны з несвабоднай прэсай і ўваходзіць у дзесятку краін з найгоршай сітуацыяй у вобласці свабоды прэсы. Горш чым у Беларусі справы выглядаюць у Паўночнай Карэі, Туркменіі, Узбекістане і Эрытрэі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня