Этнаграфічны «Вялікдзень» прайшоў у Берасці



Два музычныя калектывы: «Жэмэрва» з Падляшша і «Орліца» з Камянеччыны выступілі 3 траўня на канцэрце «Вялікдзень» у Берасці.

Абодва калектывы маюць шчыльныя стасункі з мясцовым грамадска-культурным цэнтрам, таму арганізацыя святочнага выступу з цыклу «Рух зямлі» цяжкасцей не мела. Кажа Томаш Суліма, госць са Студзіводаў, што на Бельшчыне.

— Гэты цыкл «Рух зямлі» вядомы ўжо некалькі гадоў. Я памятаю, быў у Берасці таксама на Тройцу. Гэта такі цэнтр і сэрца Палесся, і я б сказаў Падляшска-Палескі цэнтр, бо гэта абласны горад на мяжы, тут добрыя ўмовы для таго, каб прадставіць найлепшыя традыцыі Падляшша, а галоўным чынам Палесся. Я вельмі рады быць тут.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі каля пяцідзесяці чалавек розных узростаў. Дырэктарка Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтру Святлана Каржук выказала словы падзякі за цікавасць да традыцыйнай культуры, перадала лісты падзякі кіраўнікам калектываў ад аблвыканкаму.

[Not a valid template]

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце