Сямашка: Беларусь не баіцца скарачэння паставак расейскага газу



У беларускага боку няма асцярог адносна магчымага скарачэння Расеяй паставак газу ў Беларусь, заявіў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка 4 траўня, адказваючы на пытанні журналістаў у межах Беларускага прамысловага форуму ў Менску.

„Асцярог адносна скарачэння паставак газу няма. У заключаных пагадненнях запісана, што пакуль ідзе спрэчка суб’ектаў гаспадарання, яны (расейскі бок.) не маюць права скарачаць пастаўкі газу”, — сказаў Сямашка, каментуючы газавую спрэчку паміж дзвюма краінамі.

Ён адзначыў, што кампанія „Газпром трансгаз Беларусь” ужо звярнулася ў міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце з іскам да беларускіх суб’ектаў гаспадарання. „Гэта спрэчка паміж суб’ектамі гаспадарання, „Газпром трансгаз Беларусь” падаў іск на нашы аблгазы (вытворчыя рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы ва ўсіх абласцях краіны.) за недаплату. Суд прыняў іск да разгляду”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Паводле яго слоў, беларускія аблгазы лічаць, што ў іх ёсць падставы недаплачваць за расійскі газ. „Яны лічаць, што ў іх ёсць, згодна з кантрактным пагадненням, падставы, каб цана газу была значна ніжэйшай за тую, якую выстаўляе „Газпром”, — заявіў Сямашка.

Ён паведаміў, што „Газпром” прадае сёння газ Беларусі па 132 долары за тысячу кубаметраў. Кошт газу, які лічыць справядлівым беларускі бок, віцэ-прэм’ер назваць журналістам адмовіўся. „На саюзным Саўміне (пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы плануецца ў Магілёве 12 мая.), магчыма, гэтае пытанне будзе ўзнімацца”, — выказаў меркаванне Сямашка.

Нагадаем, 3 мая Уладзімір Сямашка заявіў журналістам: беларускія галіновыя арганізацыі лічаць, што яны плацяць за газ „абсалютна правільна і карэктна”. Сярод аргументаў на іх карысць віцэ-прэм’ер назваў цэлую сістэму пагадненняў, падпісаных у 2011 годзе, на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі аб доступе да паслуг пэўных манаполій. Акрамя таго, паводле слоў Сямашкі, парадак фарміравання цэн пры пастаўках прыроднага газу ў Беларусь вызначаны і пагадненнем ад 29 мая 2014 года аб Еўразійскім эканамічным саюзе. „Там усё дакладна распісана, яны зараз разбіраюцца”, — паведаміў намеснік прэм’ер-міністра.

Беларускія ўлады ўжо некалькі месяцаў вядуць перамовы з Расеяй, дамагаючыся зніжэння цаны імпартаванага газу, аднак расійскі бок лічыць гэта немэтазгодным.

belapan.by