Хто вінаваты ў знішчэнні гістарычнага помніка?



Другі год жыхары вёскі Спорава намагаюцца знайсці вінаватых у знішчэнні гістарычнага помніка часоў неаліту. Ён ахоўваўся дзяржавай. Але новы, цяпер ужо былы арандатар возера Спораўскае Анатоль Заблоцкі на месцы стаянкі з дазволу раённых уладаў пабудаваў катэдж. Ніхто з уладаў і нават Бярозаўская раённая і Берасцейская абласная пракуратуры парушэння закону ў знішчэнні стаянкі не ўбачылі. Прыйшлося звярнуцца персанальна да абласнога пракурора з просьбай узбудзіць крымінальную адказнасць за знішчэнне гістарычнай спадчыны, кажа намеснік старшыні Берасцейскай абласной сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў, які дапамагае вяскоўцам у змаганні:

— Пракурор прыслаў на бярозаўскую пракуратуру загад узбудзіць крымінальную справу, а потым набраўшы матэрыялу вырашаць: прадоўжыць яе і ўвесці ў закон з адказнасцю тых, хто ўдзельнічаў у гэтай справе, або няма падставаў і можа перавесці ў адміністрацыйную справу.

Паводле Валянціна Лазарэнкава, Анатоль Заблоцкі запасся нават даведкай з Нацыянальнай акадэміі навук, што там не было ніякай стаянкі. Але пры гэтым быў даследаваны слой зямлі крыху больш сантыметра пасля забудовы катэджа.

Беларускае Радыё Рацыя