Гомельская апазіцыя не верыць у змены выбарчага працэсу
Гомельскія апазіцыйныя актывісты ня вераць абяцанням Аляксандра Лукашэнкі адносна дэмакратычнасці будучых парламенцкіх выбараў. Скептычнае стаўленне сябраў дэмакратычных партый і аб’яднанняў абумоўленае іх удзелам у папярэдніх выбарчых кампаніях. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок распавядае, што яго не дапускаюць да ўдзелу ў працы выбарчых камісій з 2001 года:
— Усе 15 гадоў маю кандыдатуру Аб′яднаная Грамадзянская партыя вылучае ў сябры розных участковых камісіяў і ніколі за гэты час наш райвыканкам мяне ў склад не ўключыў, хоць здаецца што мог бы сапсаваць ім адзін чалавек у адной участковай камісіі.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту па Гомельшчыне Віктар Адзіночанка заўважае, што сёлета выбары ў парламент будуць праходзіць у вельмі складаных для ўладаў умовах:
— Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі эканамічнага крызісу і незадаволенасць насельніцтва вельмі моцная і відавочная. Правесці гэтыя парламенцкія выбары для ўлады вельмі цяжка. Хутчэй за ўсё, паводле мяне, кандыдатаў ад уладаў проста не будуць падтрымліваць менавіта за тое, што яны ад уладаў.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11-га верасня. Пакуль што апазіцыйныя сілы не здолелі дамовіцца адносна адзінай пазіцыі ў справе ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель