На Гомельшчыне рост беспрацоўя
На Гомельшчыне працягвае павялічвацца колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Паводле дадзеных Белстата, сёлета за тры месяцы колькасць беспрацоўных дасягнула рэкорднай адзнакі ў 8 тысяч 600 чалавек. Гамяльчук Уладзімір да крызісу працаваў будаўніком. Цяпер ягоная прафесія аказалася незапатрабаванай:
— Знайсці працу проста нерэальна. У мяне — няма, хоць я нармальны маналітчык, бетоншчык, укладчык піламатэрыялаў, — у мяне будаўнічыя прафесіі. Людзі не будуюцца. Чаму? Бо грошай няма. Мая жонка закрыла ІП і мой швагер закрыў ІП.
Каардынатар экспертнай супольнасці «Стратэгічная думка» Аляксей Харкевіч зазначае, што рэальная колькасць грамадзян, якія застаюцца без працы, можа складаць да 20-ці працэнтаў ад агульнай колькасці людзей працаздольнага ўзросту:
— Калі супастаўляць тую колькасць людзей, якія не працуюць і не ўцягнуты ў працоўныя ўзаемаадносіны, выходзіць каля 20 працэнтаў. Падобныя паказчыкі назіраюцца ў суседніх краінах, з той толькі розніцай, што там колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных значна большая. Чаму? Бо там службы занятасці прадастаўляюць лепшыя умовы: і фінансавыя і ў пошуку працы, якая зацікавіць людзей.
Яшчэ адной негатыўнай тэндэнцыяй на рынку занятасці Гомельшчыны становіцца дыспрапорцыя ў колькасці звольненых работнікаў адносна працаўладкаваных. Ад пачатку году на Гомельшчыне звольнілі каля 20-ці тысяч чалавек, з іх знайшлі працу каля 15 тысяч.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель