Дырэктар ЖКГ: Грэй ваду і мыйся ў тазіку
Дырэктар Мікашэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вадзім Дземідовіч прапанаваў жыхарцы шматкватэрнага дома пенсіянерцы Таццяне Калодзе грэць ваду на пліце і мыцца ў тазіку. Калі сантэхнік гаспадаркі не змог аднавіць паступленне гарачай вады ў кватэру Калоды пасля прафілактычных работ.
Замест распаветрывання труб дырэктар прапанаваў пенсіянерцы купіць новыя. На адказ, што яна не мільянер, каб мяняць трубы, Дземідовіч параіў грэць ваду самой і мыцца ў тазіку, кажа Таццяна Калода:
– Кажу, я гэтага цярпець не буду, я буду скардзіцца. А ён мне адказаў: “Ну і скардзіцеся, вас такіх, што скардзяцца, вельмі шмат”. Гэта самае натуральнае хамства, сказаў: “Пакупайце трубы, а калі не, то грэй ваду і мыйся ў тазіку”.
Паводле Таццяны Калоды, пасля яе пагрозы, гарачая вада праз паўдня з’явілася.
Атрымаць каментар у дырэктара ЖКГ нашаму карэспандэнту не ўдалося.
Беларускае Радыё Рацыя