У Беластоку ствараецца музей мясцовых габрэяў



Да канца наступнага года ў сталіцы Падляшша паўстане Музей беластоцкіх габрэяў. Установа размесціцца ў будынку старой фабрыкі па вуліцы Кіеўскай, цяпер вядуцца рамонтныя працы. Ініцыятыва стварэння музея належыць віцэ-прэзідэнту Беластоку, але сама ідэя – Габрэйскай рэлігійнай абшчыне, якая планавала стварыць музей ужо раней – у іншым месцы. Але ўзніклі складанасці з атрыманнем памяшкання. Як адзначае прадстаўніца абшчыны Люсі Лісоўская, гарадскія ўлады пакуль не звязаліся з ёй наконт супрацоўніцтва:

– Калі казаць пра супрацу, то нічога пра яе не ведаем. Ведаем, што музей паўстане, але ніхто з намі не кантактаваў. Гэта мы выступілі з такой ініцыятывай два гады таму. Але ўмовы, на якіх горад хацеў нам перадаць памяшканне, не адпавядалі нам, і мы вымушаны былі адмовіцца. Цешуся, што горад падхапіў нашу ідэю, але было б добра, калі б ён з намі супрацоўнічаў у гэтай справе.

У час Другой сусветнай вайны ў будынку, дзе ствараецца Музей беластоцкіх габрэяў, мясціўся Беларускі камітэт. Пасля вайны тут дзейнічала школа, пазней – механічны завод і склад. У апошнія гады будынак па вуліцы Кіеўскай паціху разбураўся.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя