Уладзімір Колас: Пра выбары казаць не выпадае



Ці вялікае значэнне для апазіцыі мае дата прэзідэнцкіх выбараў? Хто з прадстаўнікоў дэмакратачнай грамадскасці можа скласці канкурэнцыю дзеючай уладзе? Пра гэта распавядае старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас.

Нагадаем, што Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі прапануе не адкладаць прэзідэнцкія выбары да наступнай восені, а правесці іх у сакавіку-красавіку 2015 года.

Уладзімір Колас: Апазіцыя зараз знаходзіцца ў такім стане, што казаць пра выбары наогул не выпадае. Прабачце, але апазіцыя зрабіла ўсё, каб выйсці на гэтую кампанію абсалютна непадрыхтаванай. У нас няма моцнага кандыдата, няма кансалідацыі і няма нават рухаў у гэтым накірунку. Таму сітуацыя вельмі цяжкая. І казаць у ёй пра нейкія датэрміновыя выбары – значыцца працаваць на баку ўлады.

РР: Калі няма руху, то можа няма і розніцы, калі будуць праходзіць выбары?

Уладзімір Колас: Усё-такі, надзея памірае апошняй. Мы спадзяемся, што людзі вазьмуцца за галову і працэс пачнецца. Тым больш, што ёсць некаторыя ініцытывы. Зараз выступаюць за правядзення Кангрэса за незалежнасць, дзе ёсць надзея на ўзнікненне нейкіх асобаў на палітычным полі. Гэты працэс толькі пайшоў, можа таму і пачалі з’яўляцца такія прапановы, каб правесці выбары датэрмінова?

РР: Ці можа сёння які-небудзь кандыдат ад апазіцыі скласці канкурэнцыю дзеючай уладзе?

Уладзімір Колас: Пакуль такога няма. Але я перакананы ў тым, што ён павінен з’явіцца ў выніку калектыўнай працы. І ўсе прыхільнікі пераменаў павінны спрацаваць на ўзмацненне гэтага кандыдата. А пакуль апазіцыя працуе ў такім рэжыме, што, як толькі з’яўляецца новая фігура, усе кансалідуюцца, каб гэтую фігуру знішчыць і прынізіць да свайго ўзроўню. Усё гэта сумна, але карціна адпавядае рэчаіснасці. І я малюю гэтую карціну для таго, каб людзі зразумелі, што нешта трэба мяняць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ucpb.org