Улад Вялічка: Я не спрашчаю дыялогу з уладамі
На нядаўняй сустрэчы ў Празе міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы ды Усходняга партнёрства Еўразвязу ўздымаліся пытанні іх наяўнага стану. Пра перспектывы рэалізацыі першапачаткова заяўленых задач ды набліжэння краіны да еўрапейскіх стандартаў Віталь Сямашка гутарыў з нацыянальным каардынатарам форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладам Вялічкам.
РР: Міністр замежных спраў Польшчы, як вы ведаеце, дастаткова катэгарычна заявіў, што Усходняе партнёрства сабе зжыло. Вы ж у часе нядаўняй канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы заявілі, што яно мае перспектывы. У чым?
— Па-першае, выказванне Вашчыкоўскага варта разумець у поўным кантэксце сказанага. Мэсыдж жа, паводле мяне, быў прыкладна такі. У пачатку партнёрства створанае, як рэакцыя на агрэсіўнае расейскае ўварванне ў Грузію падчас вядомага вайсковага канфлікту, каб у будучыні такім рэчам супрацьстаяць. Але пасля быў Крымнаш. І вядома, якую двухсэнсоўную ролю адыгрывае Расея ў армяна-азербайданскіх стасунках. Вось у гэтым кантэксце Усходняе партнёрства не спрацоўвае ў дасягненні першапачаткова пастаўленых амбіцыйных задач. Але гэта не скасаванне самой ідэі.
РР: Якое сённяшняе месца Беларусі ў партнёрстве?
— Мы перасталі быць «апошняй дыктатарскай праблемай». І знаходзімся дзесьці ў сярэдзіне. І гэта звязана з праблемамі ў шэрагу краін-лідараў, што тычацца карупцыі. Маю на ўвазе буксуючых у гэтым сэнсе Малдову, Украіну. І толькі Грузія, нібы, у авангардзе. А ёсць і Азербайджан, дзе сітуацыя з правамі чалавека на парадак горшая, чым ў Беларусі. Дзе ўрад толькі цяпер выпусціў палітзняволеных, але я не ўпэўнены, што ўсіх.
РР: Але ж Вашчыкоўскі і гаварыў пра фіяска з-за таго, што вельмі нераўнавартасныя краіны бяруць удзел. Як з гэтым быць?
— Так, таму і трэба вырашыць, ці мае сэнс быць разам надалей, нягледзячы на нашу разнастайнасць. Паверце, ёсць універсальныя рэчы, што ідуць наскрозь усіх. Да прыкладу, роля грамадзянскай супольнасці ў працэсе прыняцця рашэнняў, тая ж карупцыя, недапушчэнне адкатаў да аўтарытарных альбо алігархічных мадэляў грамадства там, дзе ёсць пэўны прагрэс у руху да еўрапейскіх стандартаў. У гэтым сэнсе асабіста я прыхільнік захавання праграмы. І тое, што цяпер Грузія і Украіна фактычна атрымліваюць бязвізавы рэжым з Еўропай – гэты вынік працы вялікай колькасці суб′ектаў Усходняга партнёрства.
РР: Вы выказваліся пра наяўнасць новай стратэгіі партнёрства ў Беларусі…
— Апісваю як паступовыя камунікацыю ды перамовы. Так, у нашай краіне радыкальна нічога не змянілася. Мы бачым толькі сціплыя заявы і яшчэ больш дзеянні ў тым, што дзяржава хоча рухацца ў еўрапейскім накірунку. Ну напрыклад, дыялог аб візавай лібералізацыі быў абвешчаны ў Вільні яшчэ ў 2013 і вядзецца, здаецца, бясконца. Мусяць быць пэўныя дасягненні.
РР: Улад, абвострым размову. Прыгадваю выказванне былога палітвязня Міколы Статкевіча пра тое, што з Лукашэнкам можна весці дыялог толькі стоячы на каленях перад ім…
— Спрашчаць ці можна — не бачу сэнсу. Тым больш, палітычны дыялог на сёння маларэалістычны. Але дыпламатычны — ў пошуках фармату даступных камунікацый, каб бакі хоць пачулі адзін аднаго — не значыць зразумелі і ўспрынялі — у беларускіх умовах для мяне вялікая задача. Так, хтосьці кажа: няма пераменаў – няма дыялогу. Хтосьці кажа: хочам мець перамены — вымушаныя яго шукаць, нават калі нам гэта не падабаецца. Так і жывём…
Суразмоўца адзначыў, што ў Еўразвязе канстатуюць, што аднавіўся дыялог па правах чалавека ды апошнія выбары прайшлі без гвалту. Але прытрымліваюцца палітыкі «крытычнага ўзаемадзеяння» з нашай краінай.
Гутарыў Віталь Сямашка, Беларускае радыё Рацыя