Мядзведзеў сустрэнецца з Кабяковым у Магілёве



Старшыня ўрада Расеі Дзмітрый Мядзведзеў наведае Беларусь у сувязі з правядзеннем пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 12 траўня, паведаміла прэс-служба расейскага ўрада.

120

Запланаваныя таксама яго перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, на якіх будуць разгледжаныя актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, прамысловай, энергетычнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.

Як паведамлялася раней, пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Магілёве.

Пасля сустрэчы 26 красавіка з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота паведаміў, што парадак дня пасяджэння складаецца з 28 пытанняў.

„Галоўным чынам засяродзімся на гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным узаемадзеянні. Плануецца ўхваліць чатыры новыя праграмы, тры новыя канцэпцыі праграм, якія пасля перарастуць у праграмы. Ёсць тэмы для абмеркавання агульнага плана: дадатковыя меры па стымуляванні далейшага развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, — адзначыў дзяржсакратар.

belapan.by