Ракавічы – цудатворная ікона і жыватворная крыніца
Вёска Ракавічы знаходзіцца ў сучасным Шчучынскім раёне. Раней назва мясцовасці ўжывалася з націскам на другі склад – Раковічы, так кажуць і зараз некаторыя старэйшыя людзі. Мясцовасць ведама найперш сваёй праваслаўнай святыняй. У дваццатым стагоддзі тут служыла некалькі вельмі цікавых святароў, якія заслугоўваюць асобнага аповяду ў асобным матэрыяле.
Ракавічы ведамы яшчэ з 1690 году як царкоўнае ўладанне. Паводле архіўных звестак першы храм тут з’явіўся ў 1748 годзе. У 1761 годзе Ракавічы былі маёнткам Антона Макрэцкага, якому прывілеем караля Аўгуста ІІІ было дазволена праводзіць гандаль. Менавіта Макрэцкаму ў соннай відзежы з’явілася Прасвятая Багародзіца і сказала знайсці на рацэ яе вобраз. Зранку Макрэцкі выправіўся ў паказанае месца і ўбачыў там ікону Дзевы Марыі, якая рухалася супраць воднай плыні. Макрэцкі прыняў ікону і насупраць таго месца, дзе яна спынілася на свае сродкі збудаваў храм. Пазней цудадзейная рэчка амаль перасохла, змяніла рэчышча, але на яе месцы стала біць цудадзейная крыніца, вада з якой ацаляла багамольцаў. Менавіта да гэтых святыняў скіроўваюцца паломнікі сёння.
У 80-я гады ўжо мінулага стагоддзя Ракавічы перажылі пік свайго развіцця. У мясцовай школе тады навучалася больш чатырохсот вучняў. Дырэктарам быў Георгі Касцевіч, пляменнік пісьменніка Міхася Васілька, у школе працавала шмат цікавых настаўнікаў – яркіх асобаў, якія трымалі беларускасць на высокім роўні. Пашчасціла вучыцца ў гэтай сярэдняй школе і мне. Зараз жа Ракавічы страцілі статус сельсавету, многія драўляныя хаты і нават камяніцы зніклі з аблічча паселішча. Ажыўленне надыходзіць у жніўні, калі адбываецца ўжо традыцыйнае паломніцтва да мясцовай іконы Божай маці. Паломнікі з усёй Беларусі наведваюць ракавіцкую царкву Раства Багародзіцы, месца падмуркаў былога храма і пахавання Макрэцкага, а таксама каплічку над крыніцай з жыватворнай вадой.
У траўні наваколлі мяняюцца, з гары, на якой некалі стаяла старая царква, добра відаць хутар Плоская, на маладой зялёнай траве пасвяцца коні, а паблізу крыніцы чарнее ралля.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара