Мінэнерга Беларусі запрасіла пасла Літвы наведаць будпляцоўку АЭС



Міністэрства энергетыкі Беларусі падрабязна праінфармавала пасла Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса пра выкананне ўсіх тэхнічных нормаў і рэгламентаў пры будаўніцтве Беларускай АЭС. Гэтыя звесткі літоўскі дыпламат атрымаў 6 траўня на сустрэчы з намеснікам міністра энергетыкі Вадзімам Закрэўскім, паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга.

Беларуская АЭС

Кіраўніку літоўскай дыпмісіі дэталёва растлумачылі сутнасць інцыдэнту, што здарыўся 8 красавіка „пры правядзенні падрыхтоўчых работ на адным з бытавых і падсобных памяшканняў”. Намеснік міністра энергетыкі Закрэўскі запэўніў суразмоўца, што ўсе наступствы выяўленага дэфекта ліквідаваныя „ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй”.

Закрэўскі заявіў, што „для беларускага боку строгае выкананне патрабаванняў бяспекі пры ўзвядзенні аб`ектаў атамнай электрастанцыі з’яўляецца безумоўным прыярытэтам”. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь „выступае катэгарычна супраць палітычных спекуляцый на тэму АЭС і гатовая да адкрытага абмеркавання ўсіх пытанняў, якія цікавяць літоўскі бок, адносна праекта Беларускай АЭС як у двухбаковым фармаце, так і на пляцоўках міжнародных арганізацый”.

Чыноўнік адзначыў, што вынікі стрэс-тэстаў будаўніцтва АЭС, якія будуць праведзеныя да канца гэтага года, будуць „адданыя галоснасці і накіраваныя ў Еўракамісію”. Да канца гэтага года Беларусь таксама чакае прыезду місіі SEED (місія МАГАТЭ па ацэнцы пляцоўкі і дызайну АЭС з улікам знешніх уздзеянняў).

Эвалдас Ігнатавічус запрошаны асабіста наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС і азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй.

Некалькімі гадзінамі раней прэс-служба Мінэнерга пракаментавала матэрыял тэлеканала „Белсат”, у якім гаварылася аб тым, што здарылася „абрушэнне стойкі будынка, які будуецца ў Астраўцы, ядзернага абслугоўвання электрастанцыі”. У міністэрстве растлумачылі, што ў публікацыі, „верагодна, ідзе гаворка аб выпадку, які здарыўся на будоўлі 8 красавіка 2016 года, калі пры кладцы бетону аднаго з перакрыццяў бытавых і падсобных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючых канструкцый апалубкі”. Гэты выпадак, адзначылі ў Мінэнерга, разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых працах, „наступствы якога былі ліквідаваныя”.

Нагадаем, 5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за „магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільнюса Астравецкай атамнай электрастанцыі”. „Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем растлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, аб іншых магчымых здарэннях, якія былі да гэтага, бо пра гэта пішуць беларускія СМІ”, — заявіў журналістам у Вільнюсе міністр замежных спраў краіны Лінас Лінкявічус.

3 мая літоўскае знешнепалітычнае ведамства выступіла з заявай, у якой заклікала Беларусь „як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ па ядзернай бяспецы”.

Афіцыйны Вільнюс неаднаразова падкрэсліваў, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункта гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб`ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Беларуская АЭС узводзіцца ў Гродзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекта расійскай кампаніі „Атамстройэкспарт”. Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ „НІАЭП” — ЗАТ „АСЭ”. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны да 2018 года, другога — да ліпеня 2020-га.

belapan.by