Канада адмяніла санкцыі супраць Беларусі
Урад Канады зняў санкцыі з Беларусі. Аб гэтым паведамляецца на сайце канадскага ўрада.
У тэксце сказана, што санкцыі былі адмененыя «у адказ на нядаўнія пазітыўныя падзеі ў Беларусі». Таксама паведамляецца, што дадзеная мера «ўзгадняецца з (аналагічнымі) мерамі, прынятымі Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім саюзам у кастрычніку 2015 года».
У кастрычніку 2015 года ЗША прыпынілі дзеянне санкцый супраць шэрагу беларускіх кампаній.
Праз чатыры месяцы, у лютым 2016 года, санкцыі з Беларусі зняў ЕС. Тады рада Еўрасаюза зняла санкцыі з 170 грамадзян Беларусі, у тым ліку з прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Таксама абмежавальныя меры былі зняты з трох беларускіх кампаній.