«Беларусь памятае» ў Менску



Знаёмы вайсковец з дрэнна схаваным абурэннем сказаў, што за святочны стол сёлета сядзе аж аб 11 раніцы, калі зазвычай на вуліцах сталіцы ўсё толькі пачыналася.

Упершыню, бадай, за дзесяцігоддзі ў Менску сёлета традыцыйнае шэсце памяці прайшло без вайсковага параду. А таксама шматлікіх калонаў аўтобусаў, якія звозілі сотні і сотні ветэранаў да плошчы Перамогі.

На дзве гадзіны раней, зноў-такі як зазвычай, ад праспекта Незалежнасці прайшло шэсце «Беларусь памятае». Людзі неслі ў руках партрэты сваіх сваякоў – удзельнікаў другой сусветнай.

Для ветэранаў традыцыйна былі ўсталяваны трыбуны на плошчы Перамогі, дзе яны сустрэлі шэсце, якое больш чым калі-небудзь мела нефармальны характар. Зараз ідзе народнае гулянне па вуліцах і ў кавярнях ды парках. Увечары неба расквеціць святочны салют з 30 залпаў.

***

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч называе гэты дзень сапраўдным святам перамогі:

— Я быў малым дзіцём. Я быў тут пры фашысцкай акупацыі і вызваленне ад гэтай акупацыі для мяне — свята. І перамога ў вайне, якая вызваліла мяне ад акупацыі для мяне — свята.

Аднак, на думку Станіслава Шушкевіча, фармат адзначэння Дня Перамогі ў Беларусі не апраўдвае сябе:

— У нас гэтае свята падтрымліваецца ў Маскве, яго адзначаюць з парадам. Я гэтага не прызнаю Ў наш час можна проста сціпла адзначыць перамогу над фашызмам. І лепей было б увекавечыць тых, хто загінуў такім чынам, каб знайсці пахаванні, ідэнтыфікаваць: дзе, што і як. У нас загінула мноства людзей, яны раскіданыя па ўсёй тэрыторыі былога СССР і павагі да іх памяці няма. Гэта мяне абурае.

Пры гэтым першы кіраўнік незалежнай Беларусі абураны ўмовамі жыцця некаторых ветэранаў другой сусветнай вайны. Ён лічыць, што дзяржава не аказвае ім належнай дапамогі.

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Віталь Сямашка