У Менску пройдзе акцыя „Праспект нацыянальнага сцяга”



„Малады Фронт” ладзіць акцыю „Праспект нацыянальнага сцяга”.

Зміцер Дашкевіч

14-га траўня апоўдні маладафронтаўцы заклікаюць выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску з бел-чырвона-белымі сцягамі. Як адзначае адзін з лідараў „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, акцыя прымеркаваная да гадавіны рэферэндуму, у выніку якога былі скасаваны бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, і мае канкрэтную мэту:

Хочам сцвердзіць, што бел-чырвона-белы сцяг рана ці позна вернецца на дзяржаўны пасад. І мы плануем акцыю „Праспект нацыянальнага сцяга”, калі мы расцягнемся ўздоўж праспекта, не зважаючы на тое, колькі прыйдзе людзей. Будзем стаяць з бел-чырвона-белымі сцягамі. Мы агучылі такі заклік. Заклікаем усіх жадаючых.

Нагадаем, што ў 1995-м годзе ўлады правялі ў Беларусі рэферэндум, пасля чаго змянілі дзяржаўную сімволіку. Месца гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга заняў перароблены сцяг БССР.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя