Рэжысёр Павал Пассіні: «Дзяды па-беларуску гучаць лепш»
Фільмавую версію спектакля «Дзяды. Берасцейская крэпасць» паказалі ў Варшаве.
Спектакль упершыню быў прадстаўлены ў верасні мінулага года ў Берасці. Да постацяў з’яваў рэжысёр спектакля дадаў кранальныя гісторыі сведкаў вайны, чым яшчэ болей прыблізіў знакаміты класічны твор Адама Міцкевіча для беларусаў. «Напачатку мне казалі, што «Дзядоў» па-беларуску ў Беларусі ніхто не зразумее, што мова занадта складаная, але гэта абсалютная няпраўда» — зазначае рэжысёр пастаноўкі і кампазітар Павал Пассіні:
— На спектаклях адчувалася, што людзі слухаюць і паглынаюць гэтую мову. Гэта нейкі від голаду. Гэта настолькі жывое. Калі я прачытаў пераклад Міцкевіча ў мяне было ўражанне нібы хтосьці мне адчыніў вушы. Другая частка гучыць па-беларуску так, як мае гучаць. Калі ўсведамляеш, што гэтая гісторыя настолькі супольная і блізкая, дык няма іншага тэксту, які лепш бы дазволіў дакрануцца да гэтага суседства, да таго, што мы можам цяпер гаварыць на розных мовах, але маем супольных духаў.
Пераклад твору Адама Міцкевіча здзейсніў беларускі перакладчык і навуковец Серж Мінскевіч. Перыядычна пастаноўку спектакля «Дзяды. Берасцейская крэпасць» можна пабачыць у Берасцейскім акадэмічным тэатры драмы.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя