Экскурсія на Радаўніцу: музыкі, пахаваныя на Росах
Гітарыст, які скарыў Еўропу. Ксёндз, які любіў народныя спевы. Сляпы піяніст, які пісаў песні на словы Міцкевіча… Аўтар праграмы “Кракатук” Віктар Сямашка наведаў старыя могілкі Росы ў Вільні ды адшукаў магілы музыкаў, у рознай ступені датычных да беларускай культуры.
КАСЦЮШКА ГІТАРЫСТАЎ
Акурат на Каляды, больш за 130 гадоў таму, у Вільні пахавалі Марка Конрада Сакалоўскага (1818 – 1883). Свой апошні прытулак музыка-самавук знайшоў на Літарацкім пагорку на могілках Росы. Марк граў на ўнікальнай дзесяціструннай гітары, якую адмыслова для яго вырабіў аўстрыйскі майстар. Той інструмент называлі арфа-гітарай, а самога Сакалоўскага “Касцюшкам гітарыстаў” альбо “Паганіні гітары”. У другой палове XIX ст. Марк Конрад даваў канцэрты ў Вільні, Менску, Друскеніках, Варшаве, Санкт-Пецярбурзе, збіраючы тысячныя залі. У Маскоўскай кансерваторыі ён хацеў адкрыць клас гітары, аднак атрымаў адмову. Таксама віртуоз шмат гастраляваў па Заходняй Еўропе – Лондан, Брусель, Дрэздан, Парыж, Вена…
У рэпертуары Марка Конрада Сакалоўскага меліся творы Манюшкі, Шапэна, Карульлі ды іншых кампазітараў, транскрыпцыі оперных арыяў. Гітарыст склаў і мноства ўласных твораў – паланезы, мазуркі, вальсы, апрацоўкі народных песень. Вядомыя ягоныя кампазіцыі “Пошта”, “Славянская думка”, “Венецыянскі карнавал”. На жаль, многія творы засталіся невыдаденымі ў выглядзе нотаў. Яшчэ больш шкада, што не было зроблена аніводнага аўдыёзапісу Марка Конрада Сакалоўскага, хаця пры ягоным жыцці ўжо існавалі спецыяльныя прыборы кшталту фанографа. Імя віленчука дагэтуль трапляе ў замежныя даведнікі ды слоўнікі, датычныя гітарнага мастацтва. А на ягоным помніку напісана каротка і канкрэтна: “Марк Конрад Сакалоўскі – слынны еўрапейскі гітарыста”.
БРАТЫ СТАПОВІЧЫ
На тым жа Літарацкім пагорку пахаваныя браты Стаповічы. Беларускамоўны паэт-ксёндз Казімір Сваяк (1890 – 1926) – ён жа Кастусь Стаповіч – ствараў супольныя кампазіцыі разам з малодшым братам, кампазітарам Альбінам Стаповічам (1894 – 1934).
У міжваенны час у Вільні Альбін ствараў беларускія хоры (у прыватнасці, у касцёле св. Мікалая), выкладаў музыку ў Віленскай беларускай гімназіі, выдаў уласны спеўнік “За Бацькаўшчыну” ды зрабіў яшчэ масу іншых культурніцкіх ды палітычных справаў.
Тым часам Казімір Сваяк займаўся беларусізацыяй касцёла. Нягледзячы на забароны, ён вёў набажэнствы па-беларуску, арганізаваў шэраг беларускіх школаў і нелегальны асветніцкі гурток «Хаўрус Сваякоў». Адметна, што ў Клюшчанскім касцёле створаны Сваяком хор выконваў не толькі рэлігійныя спевы, але і апрацоўкі народных. Ксёндз і сам спяваў, граў на скрыпцы і дырыжаваў смычком.Сёлета адзначаецца 125 год з дня народзінаў Казіміра Сваяка.
СЯБАР СЫРАКОМЛІ І МАНЮШКІ
На могілках Росы ляжыць віленскі літаратар, скрыпач і фатограф Фаўстын Лапацінскі (1835 – 1886). Ён сябраваў з кампазітарам Станіславам Манюшкам ды паэтам Уладзіславам Сыракомлем. Меў уласнае атэлье. Вершы друкаваў у мясцовай і варшаўскай перыёдыцы, некалькі зборнікаў выйшлі ў выдавецтвах Вільні ды Пецярбурга. А як музыка Лапацінскі ўдзельнічаў у канцэртах камернай музыкі, у тым ліку разам з этнографам Янам Карловічам, чый сын Мечыслаў стаў знаным кампазітарам і дырыгентам ды неаднаразова цытаваў беларускія народныя спевы. Цікава, што Мечыслаў Карловіч і паэт Чэслаў Янкоўскі (таксама пахаваны на Росах) – абодва нарадзіліся на Ашмяншчыне. Вось іх сумесны твор “З новай вясной”.
ВУЧАНЬ АГІНСКАГА
Побач з бацькам навейшай беларускай драматургіі Францішкам Аляхновічам на Росах ляжыць пачынальнік летувіскай сімфанічнай музыкі і мастак-сімбаліста Мікалай Чурлёніс (1875 – 1911). Хто не ведае, Чурлёніс правёў дзяцінства ў Друскеніках, вучыўся ў школе князя Мікалая Агінскага ды граў у княжскай аркестры. Агінскі падараваў свайму вучню фартэпіяна і дапамог паступіць у Варшаўскую кансерваторыю. Прыжыццёвыя выставы творцы праходзілі ў тым ліку ў Вільні ды Менску.
ДЗВЕ АКТОРКІ
Мяркуючы па надпісах на помніку, усяго 23 гады пражыла спявачка і акторка Дарота Ленская (1829 – 1852). У розных тэатрах Вільні ды Кракава першай паловы ХІХ стагоддзя яна выконвала альтовыя партыі.
Непадалёк знаходзіцца помнік яе калегі Барбары Ганны Мэйэр (1798 – 1854), якая на мяжы 10-20-ых гадоў таго ж стагоддзя была салісткай віленскага тэатра, а потым стала зоркай сцэны Нацыянальнага тэатра ў Варшаве, пакуль не звар’яцела.
СЛЯПЫ ПІЯНІСТ І ГЕРЫНГ-АРГАНІСТ
З музыкаў, што пахаваныя на могілках Росы, варта назваць яшчэ сляпога піяніста Уладзіслава Шахно (1838 – 1889). Граць яго навучыла маці. Уладзіслаў канцэртаваў у Варшаве, кампанаваў уласныя танцавальныя творы і песні, часта на словы Адама Міцкевіча.
Што тычыцца кампазітара Людвіка Герынга (1857 – 1923), то, як сведчыць “Mały leksykon wileńskiej Rossy”, ён выкладаў у Віленскім універсітэце, кіраваў хорам у тэатры “Лютня” ды граў на аргане ў касцёле Святога Яна.
Увогуле, на могілках Росы ў Вільні, акрамя музыкаў, пахавана мноства літаратараў і мастакоў, медыкаў і святароў, навукоўцаў і паўстанцаў. Рэстаратар Штраль, згаданы ў сёлетнім альбоме “Крамбамбулі”, спачывае там жа. Не кажучы пра такіх персонаў з беларускае гісторыі, як Уладзіслаў Сыракомля, Аляксандар Аскерка, Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш., Іван і Антон Луцкевічы ды многіх іншых. Прычым, беларускія надгробкі можна пабачыць не толькі на Росах, але і на іншых пагостах Вільні – на Ліпоўцы, Бернардзiнскiх і Антокальскіх могілках – МАПА.
Віктар Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара, cmentarznarossie.info