Справа 1938 г. “Лейтэнант Дзяржаўнай бяспекі: алкаголік, дэбашыр, юрлівец, крадун…”
З савецкіх часоў у свядомасці людзей настойліва культываваўся вобраз савецкага чэкіста, як чалавека “з чыстымі рукамі, гарачым сэрцам і халоднай галавою”. Тагачасныя белетрыстыка і кінематограф падавалі сталінскіх спецслужбоўцаў, як савецкіх Джэймсаў Бондаў – шляхотных, адукаваных і адважных.
Але ж нават павярхоўнае вывучэнне біяграфій кіраўніцтва НКВД абвяргае такую карцінку. Большасць наркамаў беларускага НКВД-НКГБ у лепшым разе мелі няскончаную сярэдняю адукацыю. Ёсць шматлікія сведчанні пра іх элементарную непісьменнасць, а таксама пра неверагодную маральна-побытавую разбэсту.
А на нізавым узроўні апарата сталінскай Дзяржаўнай бяспекі іншым разам трапляліся ўнікальныя пачвары…
23 сакавіка 1938 годзе Вайсковы трыбунал войскаў НКВД па Кіеўскай вобласці распачаў крымінальную справу супраць лейтэнанта Дзяржаўнай бяспекі Юрыя Сцяпанавіча Ясілевіча – былога начальніка районнага НКВД Сосніцы, што ва ўкраінска-беларускім сумежжы.
“Совершенно секретно. Отдел кадров Управления НКВД-НКГБ УССР. Меморандум. 11 июня 1938 г. Согласно полученным материалам известно, что лейтенант Госбезопасности Есилевич систематически пьянствует и дебоширит. Так, например:
— в мае сего года Есилевич, будучи пьяным, залез в заразный барак Сосницкой больницы и стал приставать к находившимся в бараке больным женщинам.
— в мае сего года Есилевич, будучи пьяными, ночью влез в окно к жене сотрудника УГБ НКВД, находящегося на курсах, и устроил дебош.
— Есилевич понуждал к сожительству сотрудницу, и она от него забеременела…”
Калі б Ясілевіч толькі піячыў – гэта, мажліва, прайшло б незаўважаным. У сталінскім НКВД было мала цвярэзнікаў. Але ж лейтэнант Дзяржаўнай Бяспекі перайшоў у маральна-побытавай распусце “чырвоную рысу”: стаў прыставаць да жонкі начальніка. Такое ў НКВД было недаравальным.
Кіраўніцтва зацікавілася працоўнай характэрыстыкай лейтэнанта Дзяржаўнай Бяспекі…
“Совершенно секретно. Объективные данные на начальника Сосницкого НКВД Есилевича Юрия Степановича. Общее и политическое развитие посредственное. В работе неинициативен. За период с 1. 01. 1938. в Сосницком районе под руководством Еселевича выявлено только 57 врагов Советской власти. Самовольно прекратил перспективные агентурные разработки «Гниль» и «Гнус» (…) На конспиративной квартире Есилевич Ю. С. изнасиловал двух стахановок…»
На ўсялякі выпадак былому лейтэнанту Дзяржбяспекі сунулі абвінавачванні ў шпіянажы, службе белагвардзейцам і контрэвалюцыйнай дзейнасці, пасля чаго кінулі ў турму.
Ясілевіч выдатна ведаў, як працуюць у НКВД, і таму адразу пачаў даваць патрэбныя сведчанні. Ён прызнаўся і нават у тым, у чым яго не прасілі…
“Уголовное дело № 55-1938. Из протокола допроса Есилевича Ю. С. От 11 ноября 1938 года.
ЕСИЛЕВИЧ: Я подтверждаю данные в своей контрреволюционной деятельности, а также каюсь в том, что украл две доски…»
Следства па справе арыштаванага энкавэдэшніка цягнулася год. Перад самым судом высвятлілася, што тыя супрацоўнікі Дзяржяспекі, якія вялі следства, самі апынуліся ворагамі народа, трацкістамі і контрэвалюцыянерамі. Як след, Ясілевіч заявіў, што нібыта “каты былога наркама НКВД Яжова, выкрытага трацкіста і шпега, выбівалі з яго прызнанні недазволенымі метадамі”, а таму ён ад тых прызнанняў адмаўляецца…
Былы лейтэнант Дзяржаўнай бяспекі атрымаў год турмы, але быў вызвалены з-пад варты адразу пасля вынясення прысуду з тае прычыны, што гэты год правёў пад следствам у турме.
Для 1938 года такі прысуд можна было лічыць падарункам лёсу.
* * *
З чатырнаццаці наркамаў НКВД БССР трынаццаць была расстраляная. Пад расстрэлы траплялі таксама амаль усе іх намеснікі, сакратары, начальнікі аддзелаў і пратэжэ. Блізкая карціна была ва ўсіх тэратарыяльных НКВД СССР.
Дакладная колькасці расстраляных і асуджаных да лагерных тэрмінаў дробных энкэвэдэшнікаў невядомая.
Безумоўна, гэтыя людзі і былі тымі самымі “ворагамі народа”, пра якіх ад рана да рана расказвалі савецкія СМІ.
* * *
Наступным разам мы пагаворым пра сістэму даносаў, якая існавала ў савецкім КГБ брэжнеўскіх часоў.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўная справа “П-35973”