У Гародні збіралі подпісы за паляпшэнне медычнага абслугоўвання



Палепшыць якасць медычнага абслугоўвання ўзяліся гарадзенскія хрысціянскія дэмакраты. Усяго за некалькі месяцаў акцыі сабрана каля трох тысячаў подпісаў да звароту ў органы дзяржаўнай адміністрацыі Гародні. Людзі з ахвотай падпісываліся за тое, каб у мікрараёне Дзевятоўка была адкрыта дзіцячая паліклініка, а таксама на рынку “Паўднёвы” з’явіўся медпункт з аптэчным шапікам.

Кажа кіраўнік абласной структуры Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Мікола Баўсюк:

– Людзі на агульную тэму падпісваюцца неахвотна, таму што іх асабіста гэта не тычыла. А калі мы пайшлі на рынак збіраць, на рынку проста людзі адзін за адным, як у чарзе, стаялі. Таксама і на Дзевятоўцы, калі мы збіралі подпісы. Мамы з малымі дзеткамі яны актыўна падпісваліся. Мы яшчэ хадзілі пад дзіцячыя садкі.

Неўзабаве звароты будуць накіраваныя ва ўстановы для разгляду. Актывісты спадзяюцца на станоўчае развязанне праблемы, бо ў Гародні існуе толькі шэсць паліклінікаў на 350 тысячаў насельнікаў, а таксама шэсць дзіцячых паліклінікаў, сярод якіх некалькі існуюць пад дахам дарослых устаноў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info