Андрэй Мікалаеў: Галоўнае – гэта мастацтва



Кіраўнік творчага аб’яднання „Жалезны воўк” Андрэй Мікалаеў (Наваполацк) распавёў пра мастацкі праект “Беларусы і Падляшша”, яго герояў, само аб’яднанне мастакоў ды іншае.

Андрэй Мікалаеў

РР: Што гэта за праект ?

Андрэй Мікалаеў: Серыя партрэтаў “Беларусы і Падляшша” ахапіла даволі вялікую колькасць асобаў. Наш праект працягвае ранейшую серыю “Неасармацкі партрэт”, якая была з ухілам у Сярэднявечча. Тут вобразы беларусаў не нейкія лапатныя, а прадстаўляюць выявы шляхетных асобаў, вядомых людзей.

michas_zabejda_sumicki“Міхаіл Забэйда-Суміцкі” (Г. Танковіч)

РР: Падляшша ў назве выставы не абмяжоўваецца межамі сённяшняга Падляшскага ваяводства, ні нават Падляшскага ваяводства, якое было ў складзе ВКЛ?

Андрэй Мікалаеў: Падляшша – гэта тое, на што мы абапіраемся, вельмі шмат людзей тут бывала. Напрыклад, Алаіза Пашкевіч. Яе бацька працаваў на чыгунцы, яна вельмі часта праязджала праз Беласток, хоць тут яна і не жыла, але вельмі цікавая асоба. Ці Магдалена Радзівіл – проста выдатнейшая асоба беларускай гісторыі, пра якую, на жаль, даволі мала пішуць, і яе выяваў вельмі мала. Партрэты некаторых асобаў створаны ўпершыню, менавіта мастацкія. Той жа Язэп Булак-Балаховіч, чалавек, пра якога мала ведаюць.

Magdalena_Radziwil“Магдалена Радзівіл” (А. Мікалаеў)

РР: Малодшчы брат Станіслава Булак-Балаховіча.

Андрэй Мікалаеў: Так, ён казаў: „Я беларус”. Мне не вельмі падабаецца асоба старэйшага брата, які быў сёння адзін, а заўтра – іншы, хоць фігура і папулярная ў беларускім асяродку.

jazep_bulak_balacovich“Язэп Булак-Балаховіч” (П. Васільеў)

РР: Авантурыст, гэта дакладна.

Андрэй Мікалаеў: Так, а Язэп вельмі цікавы вобраз як чалавек. І не толькі. 

РР: Парадаксальна, што Язэп загінуў ад рук саміх беларусаў у Белавежскай пушчы.

Андрэй Мікалаеў: Канфлікт, нейкая трагедыя ў беларусаў заўсёды ёсць, на жаль. У нас жа не проста мастацкая выстава, яна гістарычная, папулярызуе беларускую гісторыю.

Braty_Balachowiczy“Браты Балаховічы” (А. Мікалаеў)

РР: На карцінах паказаны прадстаўнікі магнацкіх родаў Радзівіл ды Сапега, заслугі якіх ніхто не аспрэчыць. Мне здаецца, што не хапае Хадкевіча – фундатара Супрасльскага манастыра, уладальніка Гарадка, заснавальніка друкарні ў Заблудаве.

Андрэй Мікалаеў: Прымаецца ваш папрок. На жаль, не хапае часу, не хапае матэрыяльнай базы. Шмат якія карціны проста замаляваныя. Калі не хапае палотнаў, то мы проста замалёўваем старыя карціны. Постацяў вельмі шмат, у нас валам інфармацыі.

larysa_geniush“Ларыса Геніюш” (А. Зімніцкі)

РР: Што ўяўляе з сябе творчае аб’яднанне “Жалезны воўк”?

Андрэй Мікалаеў: Рэч у тым, што мы адышлі ад формы клуба, які існаваў раней. Мы займаліся рэканструкцыяй рыцарскіх даспехаў, “Неасармацкім партрэтам”, то бок была вузкая тэматыка, а цяпер мы гэта змяняем. Кожны чалавек, які ўмее маляваць, можа прыйсці да нас – гэта ўсё нефармальна. Мы не клуб і не арганізацыя, а проста людзі, якім гэта цікава.

РР: Прыйсці да вас – гэта значыць куды?

Андрэй Мікалаеў: Прыйсці няма куды, бо няма памяшкання. Людзі тэлефануюць, кажуць, што хочуць маляваць. Калі ёсць магчымасць, то дапамагаем чалавеку, даем нейкае палатно. У нас дзесяць чалавек проста набралася, яны самі прыйшлі.

РР: Хто гэтыя мастакі? Яны ўсе з Наваполацка?

Андрэй Мікалаеў: Не толькі. Адна дзяўчына зараз грамадзянка Германіі, яна жыла ў Наваполацку, выйшла замуж, перыядычна прыязджае, таксама далучылася. Наваполацк, Менск. Алег Елізараў  – з Салігорска, якога ўжо няма, але ёсць яго карціна.

Мікалай Радзівіл “Мікалай Радзівіл Пярун” (Ю. Хінтэман)

РР: Вы таксама займаецеся гістарычнай рэканструкцыяй, здымаліся ў кіно?

Андрэй Мікалаеў: Гэта не мастацтва, але таксама галіна, якую мы працягваем распрацоўваць. Пачыналі мы як моладзевы рыцарскі клуб. Мы сталі аб’яднаннем, бо  далучылася шмат людзей, якія не маюць ніякага дачынення да ваярскай рэканструкцыі. Нас пачалі запрашаць у кіно, спачатку ў “Начны дазор”, але я не лічу гэта мастацтвам, гэта падпрацоўка.

Усё ж галоўнае – гэта мастацтва, жывапіс.

Андрэй Полацкі“Андрэй Полацкі” (А. Елізараў)

Выстава „Беларусы і Падляшша” напрацягу тыдня (адкрыццё 13 траўня а 17:00) будзе праходзіць у фае пачатковай школы № 4 імя Сібіракоў у Беластоку па вул. Чэнстахоўская 6а.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя