Польшча з 1 чэрвеня мяняе суму, з якой можна аформіць Tax Free



Польшча 1 чэрвеня павялічыла мінімальны кошт пакупак, неабходны для вяртання ПДК паводле сістэмы TaxFree.

tax_free2

У адпаведнасці з распараджэннем польскага Міністэрства фінансаў, для вяртання сумы ПДК з пакупак, зробленых у Польшчы, неабходна іх набыць не менш як на 300 злотых (68 еўра). Гэтая сума павінна быць указаная ў дакуменце TaxFree, што выдае прадавец. Да рахунку-фактуры павінен быць прымацаваны фіскальны касавы чэк.

Да новаўвядзенні мінімальны кошт пакупак для афармлення TaxFree складаў 200 злотых.

Змененыя таксама правілы вывазу тавараў. Зараз у выпадку, калі з тэрыторыі ЕС вывозіцца толькі частка тавараў, заяўленых у дакументах TaxFree, пра гэта ў абавязковым парадку неабходна паведаміць работнікам мытні. Пацвярджэнне вывазу будзе дадзенае толькі ў дачыненні да тых тавараў, якія рэальна знаходзяцца ў багажы таго, хто перасякае мяжу.

Згодна са звесткамі польскай статыстыкі, беларусы летась былі на чацвёртым месцы па колькасці сродкаў, выдаткаваных на пакупкі ў Польшчы. У IV квартале 2015 года больш за ўсё грошай у Польшчы пакінулі немцы (40,3%). За імі ідуць украінцы (27,1%), чэхі (11,2%), беларусы (7,9%), славакі (7,2%), літоўцы (4,4%) і расіяне (1,9%). Паводле даных польскіх даследаванняў, за апошні квартал мінулага года з Беларусі ў Польшчу з’ездзілі 1,8 млн. чалавек, зрасходаваўшы там 599,1 млн. злотых, або 140,7 млн. еўра. Такім чынам, у сярэднім кожны беларус пакінуў у Польшчы 723 злотыя (прыкладна 170 еўра).

Прыблізна год таму польскія СМІ паведамлялі пра расследаванне шматлікіх выпадкаў махлярства з вяртаннем ПДК паводле сістэмы TaxFree пры куплі дарагіх тавараў. Паведамлялася аб 1,5 тыс. крымінальных спраў, звязаных з купляй-продажам электронікі. У стандартных схемах махлярства мясцовыя жыхары задзейнічалі беларусаў і ўкраінцаў.

Нагадаем, 14 красавіка ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя мытныя правілы, паводле якіх пры паездках за мяжу часцей як раз на тры месяцы можна ўвезці тавараў не больш як на 300 еўра і вагой не большай за 20 кілаграмаў. У іншым выпадку давядзецца заплаціць пошліну. Калі паездка за мяжу здзяйсняецца радзей разу ў тры месяцы, па-ранейшаму дзейнічаюць нормы бяспошліннага ўвозу ў 1.500 еўра і 50 кілаграмаў.

belapan.by