Да „Дажынак” у Пінску абнавілі фасад будынка былога калегіума



Цалкам абнавілі фасад пінскага езуіцкага калегіума 17-га стагоддзя да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014”. Цяпер у будынку месціцца Музей Беларускага Палесся і харэаграфічная дзіцячая школа.

Намесніца дырэктара музея Святлана Лазюк адзначае, што, свята хлебаробаў дапамагло аднавіць фасад будынка, бо раней у бюджэце не было на гэта сродкаў:

– Цалкам зробім пабелку нашага будынка, каб выканаць такія будаўнічыя працы, патрэбны і вялікая колькасць грошай, і вялікая колькасць дзён, таму што калегіум – гэта вялікі будынак. Ну і, канешне, тэрыторыя вакол нашага будынка таксама ўпарадкавана, гэта і дадатковыя ходнікі, дадатковае асвятленне, новыя газоны.

Абнаўленне будынка Музея Беларускага Палесся акурат своечасовае. У лістападзе ўстанова адзначыць 90-годдзе з часу прыняцця рашэння пра стварэнне музея. Гэта адзін з найстарэйшых музеяў Беларусі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя