Ці будзе чарговая „газавая вайна” паміж Менскам і Масквой?
Масква пакуль не плануе даваць Менску зніжку на газ, заявіў журналістам кіраўнік Мінэнерга Расеі Аляксандр Новак. Чыноўнік адзначыў, што на наступным тыдні мае намер сустрэцца з міністрам энергетыкі Беларусі. У ліку іншага бакі абмяркуюць цэны на паліва. Каментуе эканамічны аглядальнік Аляксандар Сінкевіч:
– Калі б расейскі “Газпром” меў істотныя экспартныя даходы, як гэта было ў папярэднія гады, тады можна было б вельмі сур’ёзна націснуць на беларускія ўлады. Зараз я не думаю, што дойдзе да сёр’ёзнай чарговай “газавай вайны”. Хутчэй за ўсё гэта будзе медыйная спрэчка, якая скончыцца даволі хутка.
Напярэдадні расейскі міністр паведаміў, што Беларусь вінная «Газпрому» за студзень – красавік 2016 года больш за 125 мільёнаў даляраў. Яго беларускі калега Уладзімір Патупчык заявіў, што Менск не прызнае наяўнасць доўгу. Словы Новака ён патлумачыў розным трактаваннем міжурадавых пагадненняў у газавай сферы. Патупчык адзначыў, што «гэта тэхнічнае пытанне, якое мы павінны вырашаць».
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота udf.by