Ноч музеяў у Беластоку
Паказы, сустрэчы, вернісажы і канцэрты цэлую ноч. Сёння – Еўрапейская ноч музеяў. Беластоцкія культурныя ўстановы падрыхтавалі наведвальнікам вельмі насычаную і багатую на неспадзяванкі прапанову. Свае памяшканні адкрываюць для наведнікаў між іншым Падляшскі музей, Галерэя Слендзінскіх, Музей войска ды Цэнтр Заменгофа, які падрыхтаваў Гарадскую гульню з рознымі задачамі для ўдзельнікаў. Беластоцкі асяродак культуры запрашае на спектакль “Pobyt tolerowany”. Спектакль інспіраваны даследаваннямі над сітуацыяй уцекачоў і сустрэчамі з дзецьмі з асяродка для іншаземцаў і сям’ёю чачэнскіх уцекачоў. Галерэя Арсенал запрашае на выставу, у якой прымаюць удзел беларускія мастакі, кажа адказная за кантакты са СМІ ў галерэі Эліза Урбановіч-Раецка:
– Сардэчна запрашаем на нашу выставу. Гэтая выстава зборная, у ёй, між іншым, бяруць удзел два мастакі з Беларусі – гэта Аляксей Лунёў і Антаніна Слаботчыкава.
Выставу можна наведаць да апоўначы. Уваход на ўсе мерапрыемствы, звязаныя з Ноччу музеяў, бясплатны.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystokonline.pl