Затрыманне журналіста ў час акцыі ў Менску



Карэспандэнта „Свабоды” Алега Груздзіловіча затрымалі ў час асвятлення акцыі “Праспект нацыянальнага сцяга” на Кастрычніцкай плошчы. Як паведаміла „Радыё Свабода”, на яго склалі пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху.

30028A05-3A2A-4F1A-A942-4475443CB65D_mw1024_s_n

Журналіст у час акцыі фатаграфаў момант, як супрацоўнікі камунальных службаў здымалі з флагштоку бел-чырвона-белы сцяг, прымацаваны туды адным з удзельнікаў акцыі. Груздзіловіча абвінавацілі ў тым, што ён выйшаў на праездную частку. Пры гэтым рух на праспекце падчас усёй акцыі быў перакрыты – расказаў нам журналіст:

– У іх яўна была адмысловая мэта, каб у гэты час людзі не ехалі побач з акцыяй і не бачылі бел-чырвона-белыя сцягі. Я, каб сфатаграфаваць момант зняцця сцяга, зрабіў крок на праездную частку і адразу вярнуўся на тратуар, руху ў гэты час не было. Але гэтага аказалася дастаткова, каб мяне аштрафаваць.

Алега Груздзіловіча адвезлі да гатэля “Еўропа”, дзе яму выпісалі штраф памерам 210 тысяч беларускіх рублёў за парушэнне правілаў дарожнага руху. Журналіст кажа, што міліцыянты былі ветлівымі, адзін нават выказаўся пра нацыянальны сцяг:

– Міліцыянт, які выпісваў паперу, сказаў, што ў прынцыпе прыязна ставіцца да бел-чырвона-белага сцяга. Калісьці ён заканчваў Акадэмію міліцыі, калі яшчэ была дзяржаўная сімволіка Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. У яго нават захаваўся кіцель з Пагоняй. Але ёсць загад.

Сама акцыя пад назовам “Праспект нацыянальнага сцяга” была прымеркаваная да гадавіны рэферэндума 1995 году, у выніку якога была зменена дзяржаўная сімволіка і ліквідаваны статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.

Акцыя сабрала некалькі дзясяткаў чалавек. Яе арганізаваў “Малады Фронт”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org