У Гародні прайшоў пяты фестываль польскай песні



У Гародні адбыўся пяты фестываль польскай песні імя Чэслава Немэна. Больш за трыццаць чалавек, дзеці і моладзь ад дванаццаці да сямнаццаці гадоў, прынялі ўдзел у мерапрыемстве, якое традыцыйна ладзіць грамадскае аб’яднанне «Polska Macierz Szkolna» у супрацы з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча. Сёлетняй трыўмфатаркай  фестывалю стала Катажына Гусэйнава з песняй «Чырвоныя каралі». На другім і трэцім месцы – Вікторыя Касьянік і Лізавета Макей.

Як зазначае пераможца, для яе гэты поспех стаў нечаканым падарункам лёсу:

— Едучы сюды, я перш за ўсё хацела добра выканаць твор, які я рыхтавала даволі доўга. І як бачыце мне гэта ўдалося на сто адсоткаў. І я вельмі рада гэтаму.

Тэрэса Крышынь:

— Калі на першы конкурс у нас былі выканаўцы ў першую чаргу з Гародні і Гарадзенскай вобласці, дык на юбілейным 5-м фестывалі мы маем удзельнікаў з усёй Беларусі.

Войцех Мулік:

— Я — аўтар ідэі гэтага конкурсу. Я так сабе падумаў, што людзі тут не ведаюць Немэна, хоць ён тут нарадзіўся, і тады вырашыў папулярызаваць не толькі самога Немэна, але і агулам польскія песні.

Фестываль польскай песні імя Чэслава Немэна з′яўляецца значнай падзеяй у жыцці польскай меншасці ў Беларусі. Акрамя папулярызацыі мовы і культуры, ён мае на мэце выяўленне маладых талентаў дзеля іх далейшага ўдасканалення.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня