Улады Беларусі турбуе значны кантэнт Расеі ў беларускіх СМІ



Кантэнт Расейскай Федэрацыі ў беларускіх СМІ даходзіць да 65%. „Гэта нас не можа не насцярожваць з пункта гледжання нацыянальнай культуры, інфармацыйнай бяспекі”, — заявіў у інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным ўвечары 15 мая, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.

Гутарка з вядучым „Контураў” адбылася ў межах XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму „Партнёрства дзеля будучыні: інтэграцыя як фактар стварэння”, што прайшоў на мінулым тыдні ў Менску.

Такі ўзровень расейскага кантэнту Бузоўскі, з аднаго боку, назваў пазітывам, „таму што гэта інтэграцыя культур, узаемадзеянне ў самых розных праявах”. „У той жа час мы павінны разумець, што нам неабходна напрацоўваць і творчы, і палітычны патэнцыял тэлебачання на інфармацыйных пляцоўках”, — заявіў ён.

Адказваючы на пытанне вядучага адносна цэнзуры і прапаганды ў СМІ, другі ўдзельнік інтэрв’ю, намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый РФ Аляксей Волін, адзначыў: „У дачыненні да цэнзуры і прапаганды мы зыходзім з двух рэчаў. У Канстытуцыі Расеі цэнзура забароненая. Што да магчымасці выкарыстання СМІ у інтарэсах дзяржаўных або нейкіх іншых структур, то тут найперш усё залежыць ад самой рэдакцыі, ад саміх журналістаў”.

На гэта Бузоўскі заявіў: „Павінна быць „статуя адказнасці” насупраць „статуі свабоды”. Калі мы аналізуем працу таго ці іншага сродку масавай інфармацыі, мы аналізуем у тым ліку крыніцы фінансавання. Часта становіцца зразумелым, для чаго той ці іншы СМІ працуе, якія сёння мэты пераследуюць. Тут ужо ўступае ў сілу не паняцце цэнзуры, а арганізацыі працэсу працы з грамадскімі і палітычнымі фарміраваннямі. Таму свае правілы гульні кожная краіна ўсталёўвае ў нацыянальных інтарэсах”.

belapan.by