Ці абвастрыць Кангрэс барацьбу ўнутры апазіцыі?



Мікалай Статкевіч, адзін з арганізатараў Беларускага нацыянальнага кангрэса дэмакратычных сілаў, які прайшоў 15 траўня ў Парку імя Янкі Купалы, распавядае пра ўнутраную барацьбу і яднанне беларускай апазіцыі.

Мікалай Статкевіч

Пасля прайшоўшага мерапрыемства некаторыя аналітыкі выказалі меркаванне, што кангрэс можа абвастрыць барацьбу ўнутры апазіцыі. Што з гэтай нагоды думаюць самі арганізатары?

Мікалай Статкевіч: Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што Кангрэс – гэта спроба аб’яднання дэмакратычных сілаў. Нас фактычна падтрымалі ў рэгіёнах прадстаўнікі ўсіх партый. І яны па сутнасці здзейснілі грамадзянскі ўчынак, нягледзячы на пагрозы ў сваіх гарадах, і, нягледзячы на забарону кангрэса. Але ж людзі прыехалі ў Менск, не пабаяліся ні дажджу, ні сілавікоў пад дажджом. І народ прагаласаваў за адзінства. За пачатак гэтага аб’яднання. Я думаю, што гэта наш шанец.

РР: Але, калі казаць пра тое, што можа абвастрыцца барацьба ўнутры апазіцыі…

Мікалай Статкевіч: Ведаеце, калі не будзе аб’яднання, і апазіцыя не будзе суб’ектам палітыкі, то каго наогул будзе цікавіць абвастрэнне альбо неабвастрэнне нашай ўнутрывідавай барацьбы. У такім выпадку мы будзем ні на што няздатныя. Без аб’яднання дэмакратаў дэмакратыі не будзе. І людзі ўсё разумеюць, бо пайшлі на рызыку, каб убачыць гэтае яднанне. А на Кангрэсе, паўтаруся, былі прадстаўлены ўсе без выключэння партыі. Таму ніякага расколу няма, а ёсць шчырае жаданне быць разам. Мы заклікаем далучацца да нас.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя